Галіна Горава. "Меркурый".
Стрыжнявая тэма экспазіцыі ў Палацы мастацтва — Космас. І не столькі ў чыста фізічным разуменні, колькі ў духоўным выяўленні. Даволі эфектна і экзатычна глядзяцца краявіды планет пэндзля Галіны Горавай. Але, скажам шчыра, дасведчанага гледача яны наўрад ці моцна ўразяць. Справа ў тым, што яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя гэтую дзялянку за сабой замацавалі двое заснавальнікаў касмічнага і навукова-фантастычнага жывапісу — Андрэй Сакалоў і касманаўт, двойчы герой Савецкага Саюза, Аляксей Ляонаў. Потым у гэтым жа напрамку шчыравалі мастакі амерыканскія. Да таго ж шмат рэканструкцый ландшафтаў планет Сонечнай сістэмы зроблена мастакамі ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі навуковымі данымі і па замове навукоўцаў. Гэтыя работы таксама добра вядомыя тым, хто цікавіцца названай тэмай. Тут увогуле цяжка сказаць новае слова…
Асабіста мне цікавей было разглядаць карціны мастачкі, дзе прысутнічае казачна-містычны чыннік. У гэтай сферы ёсць прастора для фантазій і асацыяцый. Кагосьці асацыятыўны шэраг павядзе ў мінулае, у свет вобразаў М.К. Чурлёніса і М.Шагала, а іншага прымусіць часцей углядацца ў начное неба…
У адной са сваіх публікацый Галіна Горава сцвярджае, што “мастацкая форма станковай карціны ідэальная паводле вызначэння, бо прадугледжвае для свайго спасціжэння складаны псіхалагічны працэс па пераводзе плоскасных плям фарбы ў якасна іншы сэнсавы разрад”. Яе жывапісныя творы можна лічыць добрай спробай праілюстраваць гэтую тэзу.