Калі багатая фірма, укладаючы грошы, можа нейкім чынам іх кампенсаваць за кошт рэкламы на тле культурнай акцыі, дык прыватная асоба часта не мае анічога, акрамя маральнага задавальнення ад удзелу ў высокароднай справе. Аднак і першыя, і другія заслугоўваюць права на паважнае стаўленне да сябе з боку дзяржаўных службоўцаў, на тое, каб іх разглядалі не ў якасці “дойнай каровы”, а як паўнапраўных партнёраў. Каб слова дзяржаўнага службоўцы ў сумоўі з прыватным спонсарам мела б такую ж вагу, як круглая пячатка з дзяржаўным гербам на афіцыйнай паперы. Каб не было так, што сёння начальнік кажа адно, заўтра — іншае. А тое, што праз гэта нехта змарнаваў час і згубіў грошы — дык яно, як кажуць, асабістая праблема таго, хто мае звычку прымаць напавер тое, што мусіць быць абавязкова пацвержана подпісам і пячаткай.
Цягам некалькіх месяцаў у адным з музеяў працавала выстаўка моды не далёкіх ад нас стагоддзяў. Стала яна магчымай дзякуючы супрацоўніцтву музея з прыватным калекцыянерам. Ён — асоба вядомая сярод людзей культуры. Да збіральніцтва яго падштурхнула жаданне захаваць для Беларусі культурныя каштоўнасці і гістарычныя артэфакты. Такая ідэя з’яўляецца канцэптуальнай асновай ягонай калекцыі.
Экспазіцыя цалкам складалася з рэчаў ягонага ўласнага збору. Мода, дарэчы, не з’яўляецца для яго прыярытэтнай тэмай, хоць у калекцыі і знаходзіцца шэраг каштоўных узораў гэтага чынніка матэрыяльнай культуры. Спецыяльна для выстаўкі калекцыянер па дамове з музеем набыў шэраг антыкварных рэчаў. Новыя артэфакты ў спалучэнні з тымі, што ўжо былі ў калекцыі, утварылі цэласную, канцэптуальна вывераную кампазіцыю, якая і была прадстаўлена на выстаўцы.
Каштавала гэтая раскоша калекцыянеру немалых грошай. Але ён пайшоў на выдаткі, бо меў з дырэкцыяй музея шляхетную дамову. Дырэкцыя апошняга запэўніла яго, што пасля закрыцця выстаўкі ўстанова набудзе экспанаты, якія калекцыянер высачыў на аўкцыёнах і набыў за свае грошы для дадзенага праекта, — такім чынам фінансавыя страты будуць яму кампенсаваны. Але пасля таго, як выстаўка закрылася, калекцыянер пачуў ад дырэкцыі, што яе намер папоўніць музейны збор згаданымі рэчамі не адобраны вышэйстаячай інстанцыяй. І пайшоў калекцыянер па кіраўніках розных рангаў. Паўсюль яго ветліва сустракалі, казалі, што калекцыя ягоная вартая таго, каб упрыгожыць дзяржаўны збор ды стаць нацыянальным здабыткам, але — грошай няма…
Зараз ён разважае, што рабіць далей. Самае простае — распрадаць калекцыю. Мода, паўтаруся, для яго не прыярытэтная тэма. Цана на ўнікальныя артэфакты расце, і ахвотныя прыдбаць іх для сваіх калекцый знойдуцца. Такім чынам грошы можна вярнуць. Зрабіць гэтак было б лагічна, але, зноў-такі, шкада калекцыі… Хочацца захаваць яе цалкам. Значыць, трэба, як кажуць, чакаць ля мора пагоды, спадзявацца, што знойдуцца нарэшце грошы і калекцыя застанецца ў Беларусі. Рашэнне калекцыянер пакуль не прыняў.
З ягоных слоў я ведаю, што ў падобныя сітуацыі трапляе не ён адзін. Можна было б скласці немалы спіс прэтэнзій прыватных калекцыянераў да музейных устаноў. Агучваць канкрэтныя прыклады ён не стаў (і мне не раіў), каб не псаваць імідж нашай культурнай сферы. Відавочна ў гэтай сітуацыі адно: быць патрыётам часам бывае ў матэрыяльным плане стратна, а ў маральным сэнсе — не надта “камфортна”…