А.Захарэвіч. "Арывідэрчы".
Жывапіс Захарэвіча — адлюстраванне характару аўтара, яго вясёлага нораву, яркасці і артыстызму асобы. Выстаўка з назвай “У лабірынтах фантазій”, сугучнай творчай пазіцыі мастака, стварае ў гледача агульнае адчуванне свята. І калі першае ўражанне — гэта святочная феерыя, то “другі” план адкрывае нечакана кранальны свет мастака.
У экспазіцыі прадстаўлены работы ў некалькіх жанрах, аднак збольшага — партрэты, якія прадстаўляюць гледачу натхняльныя, узбагачаныя пачуццёвасцю вобразы, напісаныя ў ідэалізаванай манеры класіцызму. Фон жа вырашаецца двухвымерна, ствараючы яркае дэкаратыўнае афармленне цэнтральнай фігуры, акружаючы яе маляўнічымі фактурнымі элементамі або сімваламі і адкрываючы магчымасць свабоднага чытання твора.
Звяртае на сябе ўвагу пачуццёвы характар аднаго з абліччаў — галоўнай гераіні Алега Захарэвіча, што дае падставу ўспрымаць выстаўку як “Прысвячэнне...”. Жывапісец уяўляе Музу то велічнай егіпецкай царыцай на палатне “Страсць Фараона”, то гарачай “Крэолкай”, то дзяўчынкай з анёльскімі крыламі ў карціне “Райскія яблыкі” — для кожнага вобразу знойдзена свая інтанацыя. У творы “Нявеста” мастак выкарыстоўвае іншую, складаную тэхніку мадэрнісцкага партрэта з лінейным малюнкам у аснове. Сімвалы ж, уключаныя ў кампазіцыю, складаюцца ў гарачае прызнанне ў каханні сваёй “Вечнай нявесце”, якая для аўтара і спелая вішня, і салодкае віно, і захавальніца дому.
Запал, пачуццёвасць у творах Захарэвіча дамінуюць, звяртаюць на сябе ўвагу. Аднак лірыкай палітра не абмяжоўваецца. Аўтар раскрывае сваё бачанне і прызнанне ахвярнасці спадарожніцы жыцця мастака. Гэтым незвычайная праца “Арывідэрчы”, параўнальная па стрыманым каларыце з коўдрай з лапікаў, і якая вылучаецца ненатуральна схіленай галавой гераіні. Пры дэталёвым разглядзе цёмныя элементы кампазіцыі сілуэтна нагадваюць крыж, лагічна тлумачачы схіленую галаву, як сімвал ахвярнасці — лёсу жонкі мастака. Пра бясконцыя чаканні ідзе гаворка ў карціне “Тры лісты”, дзе гераіня прадстаўлена са стомленым тварам і чырвонымі вачыма. Да вобраза Арлекіна звяртаюцца многія жывапісцы, як да прыкладу вернасці сваёй справе, свайму шляху. Ці балюча, ці сумна — на арэне Арлекін заўсёды вясёлы, заўсёды ў вобразе, як і гераіня карціны “Арлекін”.
Кажучы пра жывапісную тэхніку Алега Захарэвіча, можна цалкам справядліва правесці паралелі з вядомымі мадэрнісцкімі плынямі і аўтарамі, больш за ўсё, відаць, — з аўстрыйскім жывапісцам Густавам Клімтам. Аднак знаёмства з выстаўкай “У лабірынтах фантазій” адкрыла эмацыйна багаты, самабытны ўнутраны свет нашага земляка. Экспазіцыя стала своеасаблівай споведдзю аўтара і падарункам роднаму гораду.
Генадзь БЛАГУЦІН, мастацтвазнаўца
Бабруйск