Ананчыцкія музыканты і спявачкі.
Шэсце ўдзельнікаў "Сугалосся".
“Каленцы” ананчыцкіх мужчын.
На палянцы, акружанай дубамі, сабралася 17 калектываў з розных куткоў Мінскай вобласці, каб падзяліцца творчым натхненнем. Адкрываўся фестываль траецкім абрадам кумлення і агульным карагодам, у які запрашаліся ўсе: і калектывы-ўдзельнікі, і гледачы, і ганаровыя госці. Гэта яшчэ больш зблізіла людзей, стварыла атмасферу сяброўства ды еднасці, якая захавалася на працягу ўсяго свята.
Першым выступіў народны фальклорна-этнаграфічны калектыў Ананчыцкага СДК. Па эмацыйным напружанні не адсталі ад Ананчыц і песні Старадарожчыны ў выкананні народнага фальклорнага калектыву “Набіліцы” Баранаўскага СДК. І завіраваў святочны калаўрот: спевы змяняліся танцамі, за карагодамі ішлі інструментальныя найгрышы, весялілі людзей старадаўнія гульні з Мядоцкага краю Барысаўшчыны.
Цікава адзначыць, што танцавалі ананчыцкія мужчыны, прычым менавіта танцавалі, а не проста “дзёргаліся”, як тое часта бывае, пад жывую музыку. Гледачы выдавалі такія “каленцы”, што кіраўнікі калектываў, харэографы і ганаровыя госці здымалі іх на відэа! Фестываль фальклорнага мастацтва зрабіў неверагоднае: мужчын не трэба было прасіць паказваць танец, наадварот — перыядычна іх прасілі вызваліць пляцоўку для калектываў.
Праграма свята была пабудавана прафесійна — эмацыйны ўздым не спадаў ні на хвіліну. Асноўнымі ж гледачамі сталі самі калектывы, жыхары вёскі Ананчыцы і запрошаныя спецыялісты з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Інстытута культуры Беларусі, Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Як часта бывае, бракавала рэкламы і фінансавання. Хаця адзначу знаходлівасць мясцовых культработнікаў: яны размясцілі ўказальнікі-запрашэнні на пад’ездзе да Ананчыц, таму гасцям прасцей было знайсці дарогу, а выпадковыя падарожнікі маглі скарыстацца імі і зазірнуць на свята.
Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці