Раней тэатр ажыццяўляў пастаноўкі па п’есах французскіх, украінскіх, італьянскіх, рускіх драматургаў. Дайшла чарга і да амерыканскага, ды яшчэ Рычарда Баэра, творчасць якога выклікае неадназначныя думкі і меркаванні, а расійскі тэатральны рэжысёр Марк Захараў наогул пра яго п’есу “Тустэп на фоне чамаданаў” сказаў, што гэта “рэч звышпошласці нават для расійскай сцэны, якая шмат чаго ўжо бачыла”. Але ў пастаноўцы Васіля Сяўца ў слонімскім “Тустэпе на фоне чамаданаў” ніякай пошласці якраз і няма. Адсутнічае ў ім і лірычная камедыя, затое атрымаўся шчыры спектакль пра чалавечы ўзрост, адзіноту і каханне.
Аўтар так ахарактарызаваў сваіх галоўных герояў: Хрысціна Мільман — “раскошная жанчына з галавой на плячах і без прэтэнзій”. Герман Льюіс — “чалавек, які ўсяго ў жыцці дасягнуў сам, дзякуючы свайму розуму і дзіўнай прамалінейнасці можа “дастаць” каго захоча, але можа і зачараваць”. Супругі Мільман і Льюіс былі сябрамі, але Хрысціна страціла мужа, а Герман — жонку.
Хрысціна, якую выдатна сыграла артыстка Наталля Шугай, адзначыла першую гадавіну смерці мужа і вырашыла пакінуць Манхэтэн. Двое рабочых Ральф (Сяргей Фурса) і Чак (Раман Вайтулевіч) пакуюць яе рэчы. Герман (Сяргей Яўменаў) пераблытаў дату і, прыйшоўшы да Хрысціны, бачыць гэтыя зборы. Дыялог, які доўжыцца ўвесь спектакль, нагадвае цудоўную джазавую імправізацыю. Разумныя, неардынарныя, даўно немаладыя людзі размаўляюць пра жыццё, пра смерць і каханне. Гэты фантастычны дуэт хутка пераходзіць у спрэчкі, а потым — у прызнанне ў каханні і ў… танец.
П’еса амерыканскага драматурга — з тых, што называюць бенефіснымі. Акцёры стараюцца паказаць у спектаклі сваё майстэрства, дэманструючы ўсю яго палітру. У асноўным на сцэне толькі двое артыстаў — Наталля Шугай і Сяргей Яўменаў, якія выконваюць галоўныя ролі. На іх і трымаецца ўся пастаноўка.
Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра
На здымку: сцэна са спектакля “Тустэп на фоне чамаданаў”.
Фота аўтара