Але пачну з іншага. Глыбока перакананы, што на запыт аб тым, што мы ведаем такога, каб расцягаць на цытаты, аб “Дрыгве” Якуба Коласа, большасць узгадае найперш менавіта: “Стой, лапаць скінуўся!”. І нічога, у прынцыпе, дзіўнага ў гэтым для нас няма. Затое стоеная іранічнасць, калі аб тым будуць паведамляць, напрыклад, нашы заходнія або ўсходнія суседзі, мае заўважацца ў падтэксце нават без бінокля.
Канешне, сама назва аповесці Якуба Коласа не такая і адназначная, як можа падацца на першы погляд, “Дрыгва” ў дадзеным выпадку — не проста багністая прыпяцкая мясцовасць і нават не змрочныя патрыярхальныя традыцыі мясцовага насельніцтва. Гэта, калі хочаце, стыхія — жорсткая, незалежная. Прыкладна так і паказаны ў творы Талаш як сукупны вобраз палешука: лагодны, разважлівы, гаспадарлівы, але стомлены гістарычнымі перыпетыямі лёсу паляшуцкага народа і краіны ў цэлым, тая дрымотная дрыгва, перанасычаная энергіяй прыгнёту, якая пачала хвалявацца.
Па сцэнарыі, які рэжысёр серыяла “Талаш” Сяргей Шульга скампанаваў сам, але са згоды сына Якуба Коласа — Міхася Канстанцінавіча, у стужцы адлюстраваны 1919 год, супрацьстаянне савецкай Расіі і панскай Польшчы, іх інтарэсы на беларускім Палессі. 76-гадовы Васіль Талаш, незадаволены стаўленнем польскіх салдат і іх паслугачоў да мясцовага люду, стварае партызанскі атрад, звярнуўшыся па дапамогу да чырвонаармейцаў. У некалькіх лініях адлюстраваны палітычныя калізіі таго адрэзку беларускай гісторыі, нацыянальная трагедыя беларусаў, вымушаных вагацца паміж захадам і ўсходам, прысутнічае і любоўная лінія.
Не ведаю, як каму, а мне фільм падаўся надта расцягнутым, недынамічным і нагадаў больш спалучэнне эпізодаў, чым плаўнасюжэтную лінію. У прынцыпе, да выканаўцы ролі Талаша, народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука ў “Талашы” ніякіх прэтэнзій — выдатная ігра, як, дарэчы, і ў Аўгуста Мілаванава дый многіх іншых акцёраў. Але вось сцэнарый, пастаноўка сцэн… Батальныя сцэны занадта імклівыя, выбухі — ненатуральныя. Ну а што яшчэ ёсць у нас? Што можна станоўчага ўзгадаць? Скажам, няхай сабе і з расійскімі акцёрамі, гэта “Белыя Росы” (лідар кінапракату ў СССР 1983 года); ёсць “Вадзіцель аўтобуса” з Віктарам Тарасавым у галоўнай ролі; “Альпійская балада” па Быкаве, Караткевічавы “Чорны замак Альшанскі” і “Дзікае паляванне караля Стаха”; “Сведка” па аповесці Карамазава “Суд у Слабадзе”; новага часу — пташукоўскі фільм “У жніўні сорак чацвёртага”, “Анастасія Слуцкая”, “Снайпер”… Няўжо ў гэтыя шэдэўры ўкладалі шалёныя мільярды, з-за адсутнасці якіх, па словах рэжысёра Сяргея Шульгі, “Талаш” не атрымаўся, як хацелася б, відовішчным?
І не ўпэўнівайце мяне, што, маўляў, час у фільме паказаны няпросты, таму трэба было псіхалагізм твора падаць змрочна і са шматлікімі паўзамі — так, што здавалася, быццам плёнку цягнуць валамі. Але я вось пра што. Пра майстэрства. Хаця б нашых суседзяў. Адзінаццатая па ліку серыяльная экранізацыя “Ідыёта” замесу трэцяга тысячагоддзя (2003 г.) з Мышкіным-Міронавым глядзіцца, можа, нават цікавей, чым ранейшы кінафільм-класіка з Якаўлевым. Фільм “Майстар і Маргарыта” ў рэжысуры таго ж Борткі зрабіў рэвалюцыю сярод моладзі, якой пасля сучаснай экранізацыі Булгакава не стала хапаць кніг у бібліятэках.
Гэта значыць, можна зацікавіць гледача і нефарматам, і рымейкам, калі, зразумела, падысці да гэтага крэатыўна, арыгінальна і па-сучаснаму. На прэм’еру “На спіне ў чорнага ката” “Беларусьфільма” ў Ляскавічы з’ехалася паўраёна. Няўжо былі б палешукі безуважнымі да свайго мясцовага брэнда — Талаша, калі б у масоўцы, знятай у лесе пад Навасёлкамі, — а не пад Смалявічамі! — мы ўбачылі б якога-небудзь Сцяпана ці Кузьму з Бяланавічаў?.. Так што трэба ўлічваць усе нюансы.
А так… Пара вылазіць з лапцяў, панове! Як напісаў у каментарыі на фільм адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў: “Прасцей сказаць, запознае кіно, бо “лапаць скінуўся” даўно”. Я ж застануся са шчырай верай у сучасны айчынны кінематограф ды не толькі, бо той “лапаць” — гэта метафарычны вобраз усяго таго, што выклікае асацыяцыі з тармажэннем новага і арыгінальнага.