Пад час вернісажу ў Кішынёве.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Рэспубліцы Малдова Маціяс Сілагі з’яўляецца сапраўдным экспертам у галіне выяўленчага мастацтва, арганізатарам шматлікіх мастацкіх выставак і творчых сустрэч сярод дыпламатычнага корпуса Рэспублікі Малдова і творчай эліты краіны. Першае асабістае знаёмства спадара Сілагі з творчасцю мастака Вячаслава Ігнаценкі адбылося на выстаўцы “Дарога”, што праходзіла летась у Бюро міжэтнічных адносін. Захапленне ад работ майстра і шчырае жаданне бліжэй пазнаёміць іншых кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў Малдовы з творчасцю нашага беларускага земляка і знайшло сваё адлюстраванне ў нядаўнім вернісажы, дзе сабраліся кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў з Беларусі, Венгрыі, Грузіі, Італіі і ЗША.
Вячаслаў Ігнаценка шчыра прызнаўся, што адбіраць работы для выстаўкі, тым больш у дыпламатычным прадстаўніцтве, заўсёды складана, не зважаючы нават на прафесійны вопыт. Творца таксама падзяліўся сваімі планамі з гэтай нагоды: “Прайшло роўна трыццаць гадоў, як я ўпершыню афіцыйна выставіўся на мастацкай выстаўцы: гэта быў 1984-ы, горад Кішынёў. У лістападзе адкрываю персанальную экспазіцыю ў галерэі Саюза мастакоў Малдовы “Канстанцін Брынкуш”, сёлета ж мне спаўняецца 60 гадоў. Карацей, атрымліваюцца нейкія юбілейныя даты”.
На выстаўцы ж у Пасольстве Венгрыі ў Малдове прадстаўлена больш за 20 пейзажаў ды краявідаў роднай зямлі творцы. Агулам жа “Дыханне зямлі” — 37-я па ліку персанальная выстаўка майстра.
Ганна МАЗУР, культуролаг, кіраўнік Беларускага культурнага руху Рэспублікі Малдова “Кліч”
Фота аўтара