“Логасы. Тое, што робіць наша жыццё камфортным” складаецца з трох частак.
“Мастацкім” аб’ектам першай часткі становяцца словы-рэфрэны спажывецкага свету. Рэкламныя лозунгі, якія чуем так часта, што тут жа забываемся на іх пасля прамаўлення, выведзены ў радках дзіцячага сшытка: “Немагчымае магчыма”, “Вы гэтага вартыя”, “Вось што я люблю” і г.д. На адмысловым “барэльефе”, пласціне яны атачаюць медальён з выявай чалавека, які стаіць да нас спінай. Гэта не хто іншы, як герой Анатоля Саланіцына — Пісьменнік — з фільма Андрэя Таркоўскага “Сталкер”. (На медальёне — частка кадра, калі яго персанаж едзе на дрызіне ў Зону.) Мы не бачым твару героя — толькі спіну ды патыліцу, і перад намі ўзнікае, лічы, прысутнасць яго адсутнасці. У дадзеным пасланні рэкламныя слоганы становяцца адмысловай эпітафіяй Пісьменніку. Ці не хаваем мы словы, скарыстоўваючы іх у якасці адмысловай прынады?..
Другая частка праекта звяртаецца да ўсведамлення (і скарыстання) вядомых філасофскіх вучэнняў. Цытаты з работ Маркса, Ніцшэ, Дарвіна, Гегеля, якія аказалі ўплыў на развіццё гуманітарнай думкі, падаюцца ў кароткіх урыўках, на мове арыгіналу. Пры гэтым кантэкст іх прачытання наступны: словы вядомых мысляроў надрукаваны… на падушках, прапануючы новае прачытанне славутай гуманітарнай спадчыны. Хто ж адмовіцца “пасядзець” на думках Маркса ці Ніцшэ, выкарыстоўваючы іх як зручны матэрыял для стварэння ўласнай зоны камфорту?
І трэцяя частка, якую можна было б назваць “Пакоем цішыні”, адсылаючы да творчасці Марка Роткі. Толькі тут замест карціны для медытацыі мы скарыстоўваем словы. У “пакоі” Канстанцін Селіханаў прапаноўвае свой алгарытм узаемадзення з логасамі. Напісаныя чорнай фарбай на белых аркушах, словы тут “узнікаюць” у кантэксце сэнсаўтварэння, іх энергетычнай сілы і прыгажосці: “рытуал”, “цішыня”, “наперад”, “вера”, “сон”, “доказ”, “сіла пераканання”, “усё”… Яны размешчаны ў адвольным парадку, рэпрезентаваны і як твор мастацтва, і як праваднік да ўнутранага стану, як найменне да намераў, скіраванасцей, вібрацый.
І словы, што, адлюстроўваючыся ў вадзе, адкрываюць сваю сутнасць. Логасы, якія мы часам не здольныя ўбачыць, але якія раскрыюцца нам пры змене нашага погляду на рэчы.
У што складаюцца тры гэтыя часткі? Магчыма, у наш тэкставы, слоўны асяродак, дзе побач з хлёсткімі рэкламнымі мантрамі, філасофскімі падмуркамі заўжды прысутнічае ўласны космас, які мы ствараем з дапамогай абраных намі слоў.
Напрыклад: “святло”, “вера” і “цішыня”. Або: “выдумка”, “вестка”, “вечнасць”.
Фота Юрыя ІВАНОВА