Новы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз
Аўтэнтычная своеасаблівасць Піншчыны сведчыць пра заканамернасць таго факта, што адзін з прыярытэтных кірункаў развіцця сферы культуры гэтага раёна - адкрыццё ўстаноў культуры новага тыпу: Дамоў рамёстваў, фальклору і народнай творчасці. Ды і па словах начальніка аддзела культуры Пінскага райвыканкама Тамары Лебядзеўскай, дзейнасць па захаванні народных традыцый - не менш важная за працу па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна. Але, на жаль, робяцца ў згаданым напрамку толькі першыя крокі. І калі разнастайных этнаграфічных рэчаў, якія зрабілі б гонар любому музею, мясцовыя культработнікі назбіралі ў вялікай колькасці, дык пра наладжаную навуковаметадычную працу ў справе адраджэння мясцовых традыцый гаворка пакуль не ідзе. Зрэшты, акцэнт у камандзіроўцы рабіўся не толькі на гэтым. Як вядома, Пінскі раён увайшоў у Дзяржаўную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Таму ўвага да гэтага рэгіёна сёння - найвялікшая. Па азначэнні Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, Палессе -праект іміджавы, праз які Беларусь можа заявіць пра сябе на ўвесь свет. Таму важная і актуальная тэма турыстычнага патэнцыялу Піншчыны гучала неаднаразова.
Народ пытаецца і прапануе
"Метадычак няма..."
Гаворка пад час апытання ішла менавіта пра захаванне і адраджэнне народных рамёстваў.
Анатоль, рабочы, аграгарадок "Аснежыцы":
- Бываў у нашым Доме рамёстваў. Вельмі багатая там экспазіцыя, шмат цікавых старадаўніх рэчаў. Але, на жаль, няма ў работнікаў ні камп'ютара, ні відэакамеры, каб запісваць і захоўваць "у лічбе" тое, што збіраецца цягам доўгага перыяду. Без гэтай тэхнікі сёння абысціся немагчыма...
Людміла Ламака, загадчык Дома фальклору, вёска Жоўкіна:
- Наш творчы калектыў вельмі цікавы сваімі аўтэнтычнымі песнямі. Часта выязджаем у Пінск, удзельнічаем ва ўсіх раённых святах... Касцюмы ў нас - самаробныя. А хацелася б займець яшчэ прыстойны камплект для сцэнічных выступленняў...
Святлана Паўлаўна, выкладчык класа выцінанкі, аграгарадок "Малоткавічы":
- У маёй працы вельмі не пашкодзіла б больш кніг, метадычных дапаможнікаў, інфармацыі па розных накірунках традыцыйных рамёстваў. Бо, на жаль, мясцовых майстроў у Малоткавічах няма, таму даводзіцца выходзіць з гэтай сітуацыі наяўнымі сіламі: праз тыя кнігі, што ёсць у бібліятэцы... А гэтага, пагадзіцеся, не заўсёды дастаткова для сістэмнай працы.
Творча-камерцыйныя стратэгіі РДР
Як вядома, новыя тыпы ўстаноў культуры - Дамы і Цэнтры рамёстваў - найбольш распаўсюджаны на Віцебшчыне. На Брэстчыне ж адным з "піянераў" у гэтай справе стаўся Пінскі раён. Мясцовы РДР з'явіўся тут яшчэ напрыканцы 1997 года. Як падаецца, дастатковы тэрмін, каб зрабіць рэальныя высновы аб яго дзейнасці.
РДР "прапісаны" ў аграгарадку "Аснежыцы", які знаходзіцца за 6 кіламетраў ад райцэнтра: даволі блізка, калі браць пад увагу магчымы прыезд сюды патэнцыйных турыстаў. Установа месціцца ў будынку раённага цэнтра культуры і дасугу і займае тры даволі вялікія памяшканні. У двух займаюцца дзеці, а ў адным ладзяцца выстаўкі і экспануюцца шматлікія аўтэнтычныя рэчы, сабраныя пад час паездак па раёне. Як распавяла дырэктар РДР Галіна Шчасная, у васьмі гуртках займаецца агулам прыкладна 70 чалавек. А вось супрацоўнікаў ва ўстанове не так багата.
- Усяго ў штаце - сем чалавек, уключна са мной, - кажа дырэктар, - але частка супрацоўнікаў працуюць не на поўную стаўку. І літаральна нядаўна ў РДР была ўведзена пасада майстра-метадыста.
Але яны, майстры-метадысты, для Дома рамёстваў - пільная неабходнасць. Акрамя кіравання гурткамі, спецыялісты гэтыя могуць і павінны праводзіць работу па апісанні, сістэматызацыі і класіфікацыі матэрыялу, які збіраецца супрацоўнікамі РДР у шматлікіх экспедыцыях.
У якасці прыкладу нагадаю: навукова-метадычная праца даўно і досыць вынікова праводзіцца шматлікімі Дамамі рамёстваў на Віцебшчыне. Так, скажам, супрацоўнікі Гарадоцкага Дома рамёстваў, дзе пабываў не так даўно, супрацоўнічаюць з абласным метадычным цэнтрам, пішуць артыкулы і дапаможнікі па асаблівасцях некаторых відаў народнай творчасці свайго рэгіёна...
Але Пінскаму РДР да гэтых вынікаў яшчэ далёка. Бо, як ужо казаў, пра пасаду майстра-метадыста ў Пінскім Доме рамёстваў задумаліся не так даўно. Таму ў гэтым РДР пакуль што не створана метадычных дапаможнікаў па розных відах рамёстваў, адсутнічаюць дыскі з запісамі аўтэнтычных народных песень, а таксама відэаносьбіты з майстаркласамі народных рамеснікаў. Мажліва, менавіта з-за адсутнасці наладжанай навукова-метадычнай дзейнасці супрацоўнікі ўстановы дасюль не здолелі рэканструяваць аўтэнтычны пінскі строй, не вядзецца праца па стварэнні электроннай картатэкі асноўных фондаў РДР, па выданні брашур з расповедам пра разнастайныя віды традыцыйных рамёстваў Піншчыны...
Прычына - не толькі ў адсутнасці кваліфікаваных кадраў і не ў тым, што майстар-метадыст у Пінскім РДР пакуль адзіны. Тлумачыцца ўсё проста: ва ўстанове няма адпаведнага тэхнічнага начыння - камп'ютара з падключэннем да Інтэрнэта, лічбавага фотаапарата або відэакамеры, сканера, прынтара, ксеракса...
Між тым, наяўнасць такога абсталявання - не прыхамаць, а надзённая патрэба сённяшняга дня: без гэтай тэхнікі справа захавання і адраджэння традыцыйных рамёстваў на Піншчыне звядзецца толькі да назапашвання этнаграфічных збораў. Але справа, як вядома, не ў колькасці...
І яшчэ. Выхад у Сеціва - гэта магчымасць карыстацца ўсімі найноўшымі даследаваннямі ў справе адраджэння народных рамёстваў, магчымасць стварыць свой сайт, на якім можна прадставіць культурны патэнцыял Піншчыны: распавесці пра народных майстроў і тыя накірункі традыцыйных рамёстваў, што распаўсюджаны ў раёне, чым, безумоўна, можна зацікавіць любога патэнцыйнага турыста - не толькі беларускага, але і замежнага. Таксама з дапамогай ПК ды Інтэрнэта можна зрабіць, напрыклад, віртуальную экскурсію па тых мясцінах Пінскага Палесся, дзе жывуць і дзейнічаюць народныя майстры і ўмельцы... Або запісваць і выкладаць у сусветнае "павуцінне" відэа з тымі ж майстар-класамі, наладзіць праз Інтэрнэт стасункі з іншымі Дамамі рамёстваў з той жа Віцебшчыны, каб пераймаць, як сказалі б калісьці, "перадавы" вопыт... Але сёння гэта - толькі мары...
Музей ручніка пакуль на паперы
Не магу не спыніцца на планах, якія выношвае кіраўніцтва Пінскага РДР. Па словах дырэктара Галіны Шчаснай, у будучым мяркуецца стварыць на базе ўстановы музей палескага ручніка. У шматлікіх экспедыцыях супрацоўнікі назбіралі вялікую колькасць старадаўніх ручнікоў і цяпер жадаюць, каб унікальную калекцыю змог убачыць кожны ахвотны. Балазе, вольнае памяшканне ў Аснежыцкім РЦКіД для размяшчэння ўсіх экспанатаў ёсць. І, як спадзяецца Галіна Шчасная, гэта таксама паспрыяе выкананню плана платных паслуг, бо ўваход у музей будзе платным.
Дарэчы, пра план. Па словах дырэктара, летась установа культуры зарабіла на платных паслугах два з паловай мільёны рублёў - абсалютны мізар. Сума магла быць большай, калі б пры РДР працаваў салон-крама. На жаль, пакуль яго няма, як, шчыра кажучы, і планаў па размяшчэнні гандлёвай кропкі. Між тым, менавіта практыка стварэння падобных салонаў-крамаў паспяхова зарэкамендавала сябе на Віцебшчыне. Напрыклад, Лепельскі Дом рамёстваў прадае сувенірную прадукцыю не толькі ў сваім салоне-краме, але і ў некаторых гандлёвых кропках прыдарожнага сэрвісу. А ў Расонскім раёне даўняй завядзёнкай стаўся продаж сувеніраў у шматлікіх аграсядзібах.
На паверхні - і такая думка: чаму б не стварыць на базе таго ж Пінскага РДР школу ткацтва - так, як гэта зрабілі ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Майстроў у Пінскім раёне - дастаткова, ткацкіх станкоў - таксама. З цягам часу падобная школа магла б стаць своеасаблівым рэгіянальным брэндам Піншчыны, як гэта адбылося са Школай бондарства на Іванаўшчыне і Школай ганчарства на Століншчыне... Прынамсі, падумаць над гэтым дырэктар РДР паабяцала...
Дом фальклору без...
Жоўкіна - невялікая вёска Піншчыны, дзе пражывае прыкладна сто чалавек. Але ў раёне гэтае паселішча - вядомае. Перш за ўсё, сваім калектывам "Весялухі", які здаўна працуе на базе мясцовага Дома фальклору. Удзельніцы апошняга захоўваюць самабытную культуру вёскі: песні, абрады і звычаі сваіх матуль і бабуль. Так, напрыклад, дасюль у паселішчы спраўляюць абрад "Ваджэнне куста", і, вядома, сярод актыўных удзельніц - артысткі з "Весялухі".
- Пад час абраду мы ходзім па хатах, зычым людзям здароўя, выконваем песні нашай вёскі, - кажа загадчык ДФ Людміла Ламака, - і адначасова зарабляем такім чынам на выкананне плана платных паслуг.
Самабытнасць і аўтэнтычнасць ансамбля - навідавоку. Але не магу не адзначыць таго, што "Весялухі" пакуль што недастаткова "раскручаны" нават у Пінскім раёне, бо здольныя, на мой погляд, прадастаўляць платныя паслугі не толькі ў сваёй вёсцы. Напрыклад, удзельніцы калектыву маглі б з поспехам прапаноўваць тэатралізацыю асобных момантаў традыцыйнага вясельнага абраду: выкуп нявесты, віншаванне маладых, дзяльба каравая і гэтак далей. Таксама можна выкарыстоўваць фальклорны элемент з удзелам ансамбля і ў прыватных юбілейных урачыстасцях, якія ладзяцца ў аграсядзібах, што функцыянуюць на тэрыторыі раёна... Такім чынам можна было паступова зарабіць патрэбную суму на новы камплект сцэнічных касцюмаў, якіх так не стае "Весялухам"... Чым не выйсце?
Той жа абрад "Ваджэнне куста", безумоўна, можна было б прадставіць у рэспубліканскай і нават шырэй - міжнароднай прасторы праз праграму ЕС/ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні". Восенню пабываў на свяце ў вёсцы Орля Шчучынскага раёна - тут крэатыўныя мясцовыя жыхары з дапамогай названай арганізацыі атрымалі грант, на які набылі неабходнае абсталяванне і правялі свята "Багач" з запрашэннем рэспубліканскіх журналістаў. І гэты прыклад у Беларусі - не адзінкавы. Да таго ж, абрад "Ваджэнне куста" - патэнцыйны прэтэндэнт на ўнясенне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Але захадаў, каб падрыхтаваць адпаведныя дакументы, у раёне не прымалася.
На жаль, у Доме фальклору вёскі Жоўкіна няма магчымасці набыць дыскі з песнямі бабуль альбо відэазапісы, на якіх дэманструецца абрад "Ваджэнне куста". Адзіны экзэмпляр дыска, дзе ёсць відэазапіс абраду, мне перадалі для азнаямлення, папрасіўшы пры нагодзе вярнуць кружэлку. На жаль, відэа зроблена не супрацоўнікамі РДР або раённага метадычнага цэнтра. Парупіліся ж дальнабачныя прадстаўнікі рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі...
Зразумела, што ўсе праблемныя пытанні ў развіцці сацыякультурнай сферы былі агучаны на райвыканкамаўскай лятучцы, ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Пінскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Іван БАГАТКА і начальнік мясцовага аддзела культуры Тамара ЛЕБЯДЗЕЎСКАЯ.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Іван Мікалаевіч, адраджэнне народных рамёстваў, пільная ўвага да захавання народнай спадчыны, як пераканаўся, - адзін з прыярытэтных кірункаў у рабоце мясцовага аддзела культуры. Хаця, на мой погляд, не ўсё яшчэ тут зроблена, і першае, на што хацелася б звярнуць увагу, - слабая навукова-метадычная работа супрацоўнікаў раённага Дома рамёстваў...
Іван БАГАТКА:
- Сапраўды, у нечым тут магу з вамі пагадзіцца. Патрэбна, каб у штаце таго ж РДР было больш людзей, адказных за сістэматызацыю і захаванне народных традыцый, каб яны не толькі збіралі інфармацыю, але аналізавалі і тыражыравалі яе. Мы гэтую заўвагу ўлічым.
Тамара ЛЕБЯДЗЕЎСКАЯ:
- Таксама пагаджуся. Мяне цалкам задавальняе цяперашні дырэктар РДР, які шмат робіць дзеля наладжвання выставак, збору матэрыялу. Але недастатковая навуковая дзейнасць установы, сапраўды, выклікае вялікую занепакоенасць. Таму плануем у РДР змены і ўшчыльную зоймемся кадравым пытаннем. Напрыклад, летам ва ўстанову прыйдзе яшчэ адзін майстар-метадыст. Думаю, справа з тым самым забеспячэннем паступова наладзіцца.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Як я ведаю, ёсць планы размясціць у РДР музей палескага ручніка...
Тамара ЛЕБЯДЗЕЎСКАЯ:
- Так, і гэтай маёй задуме ужо тры гады. І ўвесь час я даводжу не толькі гэтую, але і іншыя ідэі дырэктарам РДР і метадычнага цэнтра. Але, пагадзіцеся, павінна быць наадварот: гэта яны павінны літаральна атакаваць мяне сваімі ідэямі, а я- увасабляць іх у жыццё. Таму вы правільна завастраеце гэтае пытанне. Прыкметных зрухаў, як бачыце, пакуль няма. Але яны будуць. І ўжо сёлета.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Але чаму ва ўстанове дасюль не адчынена крама па продажы сувеніраў? Думаецца, любы ахвотна набудзе сабе палескі ручнік ці нейкую драўляную цацку - на ўспамін аб гасцінным палескім краі...
Іван БАГАТКА:
- Абавязкова пра гэта падумаем. Справа ў тым, што ў нашым раёне вельмі развіты так званы "настальгічны" турызм. Напрыклад, грамадзяне Ізраіля любяць наведваць гэтыя мясціны, бо непадалёк, у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна, нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, а ў Пінску ён нават вучыўся. І сувеніры для нашых гасцей - справа патрэбная.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Сувеніры ж можна прадаваць не толькі ў горадзе, але і ў аграсядзібах...
Іван БАГАТКА:
- На жаль, на сёння такога вопыту не маем.
Тамара ЛЕБЯДЗЕЎСКАЯ:
- У вёсцы Парэчча у нас ёсць музей пад адкрытым небам, так званая "Сядзіба палешука". Збіраемся там сёлета зрабіць пэўны рамонт. Музей знаходзіцца на тэрыторыі піянерлагера, і ў ім вельмі шмат наведвальнікаў у летні перыяд. Можна і там наладзіць продаж сувеніраў ці арыгінальных палескіх страў. Але гэта таксама справа будучага.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Без камп'ютараў, Інтэрнэту, лічбавай відэакамеры, фотаапарата весці гаворку пра захаванне традыцыйных рамёстваў у сучасным грамадстве не выпадае...
Іван БАГАТКА:
- Наладзім і гэтую справу.
Тамара ЛЕБЯДЗЕЎСКАЯ:
- І здымаць, і дыскі запісваць, і выдаваць метадычкі - у гэтым недапрацоўвае і РДР, і РМЦ. Справу бяру на кантроль.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Дзе б ні бываў, усюды ёсць патрэба ў новых сцэнічных касцюмах...
Тамара ЛЕБЯДЗЕЎСКАЯ:
- У 2010 годзе на закупку касцюмаў пайшло прыкладна 40 мільёнаў рублёў. Ды і сёлета паводле праграмы "Культура Беларусі" мы атрымаем 56 мільёнаў, якія пойдуць на закупку новага абсталявання і касцюмаў.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:
- Якія яшчэ задачы стаяць перад аддзелам культуры на бягучы год?
Іван БАГАТКА:
- На сферу культуры ў 2011 годзе выдаткавана прыкладна 12,5 мільярда рублёў, што складае 10 працэнтаў ад агульнай сумы выдаткаў раённага бюджэту. Сродкі неблагія. З гэтых грошай 275,5 мільёна рублёў пойдуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, а больш за 4 мільярды - на бягучы і капітальны рамонт устаноў культуры раёна ў вёсках Ставок, Пінкавічы, Чухава, Барычавічы, Каўняцін і іншых. Гэта важная справа, і аддзел культуры абавязаны выканаць усе запланаваныя работы на гэтых аб'ектах.
Дэталь да агульнай карціны
Дыскаграфія для лозапляцення
"Мэска", "барыла", "кашаўка"... Усе гэтыя словы стануць зразумелыя любому, хто наведае вёску Ладараж Пінскага раёна.
У адным з памяшканняў мясцовага сельскага клуба-бібліятэкі загадчыца Тамара Паляйчук сабрала вялікую калекцыю старадаўніх рэчаў. Да таго ж, яна з'яўляецца таксама і кіраўніком фальклорнага аўтэнтычнага гурта "Ладаражачанка", што існуе на базе ўстановы. Да таго ж, як распавялі мне ў клубе-бібліятэцы, вёска Ладараж вядомая і тым, што тут пражывае шмат майстроў па лозапляценні.
Але ці здолеюць яны перадаць свае веды наступнаму пакаленню? Невядома. Бо ў вёсцы жыве з дзясятак дзяцей школьнага ўзросту, а гуртка па навучанні традыцыйным рамёствам няма... Але пераняць аўтэнтычную тэхніку палескага лозапляцення яшчэ не позна. Як не позна запісаць і растыражыраваць дыскі з запісамі песень "Ладаражачанкі"...