Кітайскія госці падчас адкрыцця выставы. / Фота прадастаўлены Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь
На выставе прадстаўлены матэрыяльныя аб’екты, якія сімвалічна ўвасабляюць плён беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Найперш варта згадаць падарункі Кіраўніку дзяржавы, ураду і народу Беларусі ад кіраўнікоў Кітая, дыпламатаў, арганізацый КНР. Гэтыя прадметы цікавыя не толькі сваім статусам, але і тым, што адлюстроўваць культурныя традыцыі далёкай краіны і эстэтыку, адрозную ад звыклай нам еўрапейскай. Наведвальнікі пабачаць каштоўныя экспанаты з фондаў музея, а таксама прадметы, перададзеныя рознымі арганізацыямі. Сярод іх — Ордэн Дружбы Кітайскай Народнай Рэспублікі, ваза — падарунак Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтао, унікальныя мастацкія артэфакты, рэстаўраваныя супольна беларускімі і кітайскімі навукоўцамі з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій; экспанаты, якія прадстаўляюць дзейнасць Інстытута Канфуцыя ў Беларусі. Шэраг прадметаў трапілі ў экспазіцыю з Палаца Незалежнасці, дзе ёсць выставачная зала, у якой можна пабачыць падарункі нашаму Прэзідэнту, народу, дзяржаве. Спрычыніліся да арганізацыі выставы прадстаўніцтвы Інстытута Канфуцыя у нашых ВНУ. Некоторыя прадметы прадстаўлены грамадзе ўпершыню. Алег Рыжкоў, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея, у структуру якога ўваходзіць Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, паведаміў “К”, што ў экспазіцыі выставы прадстаўлена недзе шэсць дзясяткаў прадметаў як з фондаў НГМ, так і прадстаўленыя структурамі, што тычыліся арганізацыі выставы.
Дарэчы, у канцэптуальным сэнсе, структурай і вобразам музей у будынку Адміністрацыі Прэзідэнта падобны на аналагічныя музеі ў іншых краінах. Гэта, па словах Алега Гар’евіча, адзначаюць і прафесіяналы-музейшчыкі, і паспалітыя наведвальнікі. Па іх жа сведчаннях, экспазіцыя цалкам адпавядае задачам дзяржаўнай ідэалогіі і культурнага асветніцтва. Ужо з паўгода наведвальнікам стала прасцей трапіць у Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Спрошчана працэдура кантролю. Ужо не трэба, як раней, загадзя складаць заяўку на наведванне, дастаткова прад’явіць на ўваходзе пасведчанне асобы: аглядаць экспазіцыю можна самастойна, а можна далучыцца да групы з экскурсаводам. Дзякуючы гэтым зменам у арганізацыі працы музея, колькасць наведвальнікаў узрасла ўтрая: летась з экспазіцыяй азнаёміліся 27 тысяч чалавек.
Выстава ў Музеі гісторыі сучаснай беларускай дзяржаўнасці адкрылася 25 снежня, а за пару дзён да таго ў Доме дружбы прайшла ўрачыстая імпрэза, прысвечаная 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. Да гэтай даты прымеркаваны выпуск кнігі “Беларуска-кітайскія стасункі ва ўспамінах беларускіх паслоў”, выдадзенай па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Ініцыятар праекта і складальнік кнігі — Анатоль Тозік, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, прафесар кафедры дыпламатычнай і консульскай службы БДУ, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у КНР у 2006 — 2011 гадах.