Віктар Аслюк. / Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
Кіно вялікіх магчымасцей
— Рэжысёр-дакументаліст — прафесія не для ўсіх. Па-першае, статус рэжысёра ігравых фільмаў робіць сваю справу: знешне зразумелая прафесія. Па-другое, да гэтай пары дакументальнае кіно ўспрымаецца як даволі прымітыўнае і, самае галоўнае, ідэалагізаванае праз традыцыі савецкага кінематографа. У тыя часы, сапраўды, было шмат цэнзуры ў дачыненні да дакументалістыкі. Але не спрыяюць росту папулярнасці дакументальнага кіно і сучасныя тэлевізійныя фільмы, якія робяцца вельмі часта паводле клішэ "дыктар — хроніка — інтэрв'ю — музыка". Усё гэта адштурхоўвае многіх творчых маладых людзей ад таго, каб ісці ў прафесію, але дакументалістыка — кіно вялікіх магчымасцей.
Калі ёсць што сказаць
— У наш час здымачная тэхніка ўжо не адыгрывае такой выключнай ролі, як раней, калі фільмы здымаліся на 35-міліметровую стужку. Зараз фільмы можна здымаць і на побытавыя відэакамеры, настолькі высокай якасці яны сталі.
Памятаю, калі мы былі студэнтамі, у 1990-я, то на “Беларусьфільме” пэўны час здымалі дакументальныя фільмы на плёнку з кратнасцю 1:10, а часам нават 1:12. Потым, калі мы самі пачалі здымаць, увялі абмежаванні: 1:5, далей — 1:3. Гэта значыць, што калі фільм, да прыкладу, доўжыцца 15 хвілін, то плёнкі на здымкі выдавалася толькі на 45 хвілін — 1:3. Гэта падавалася тады катастрофай! Што можна зняць на такі мізер? Але сёння тое абмежаванне для мяне абярнулася выдатным метадам навучання, бо з плёнкай, перш чым націснуць на кнопку камеры, ты мусіў шмат разоў падумаць і ўзважыць, наколькі табе патрэбны гэты план, якая ў яго павінна быць даўжыня — і гэтак далей. Недарэмна ў некаторых з лепшых кінашкол за мяжой да гэтага часу студэнтам першых двух-трох курсаў забараняюць здымаць на відэа. Таму што цяпер існуе такая бяда: здымаць можна шмат і без ідэі, толькі маючы на ўвазе прыкладную тэму, а ў выніку атрымліваецца не матэрыял, а зафіксаваная маса выпадковых падзей, невыразных рухаў герояў, бясконцых пейзажаў. А ўжо потым, у час мантажу, рэжысёр ламае галаву, як з гэтага зрабіць фільм. Плёнка ж правакавала рэжысёрскае мысленне, вымагала дакладнай ідэі фільма і вымушала прыдумаць “ход” — прыём, які вызначае структуру фільма.
У час здымак дакументальнага фільма вельмі важна ўмець адчуваць атмасферу месца: ход часу, стан героя, надвор’е. Усё гэта пасля, пры мантажы, фарміруе іншую атмасферу — атмасферу фільма. Без яе і фільма няма.
Дакументальная стужка, як і ігравая, няздольная і не павінна паўтараць само жыццё. Таму гэтая “атмасфернасць” — тое, што адчувае падчас здымак і мантажу сам рэжысёр, — і ёсць арыгінальнасць фільма. Калі чалавек здольны да гэтага, ён можа працаваць у гэтай прафесіі. Яшчэ дадам трохі іншае, але таксама істотнае. Калі вам няма чаго сказаць людзям, не варта ісці ў рэжысёры. На жаль, сучасная тэхніка ў гэтым не дапаможа.
Трымайцеся свайго!
— Ці мусіць дакументаліст быць шчырым з героем? Безумоўна. Але тут узнікае яшчэ адно правіла: рэжысёр заўсёды павінен весці сваю гульню. Вядома, важна знайсці з героем агульную мову, шчыра ім цікавіцца. Аднак ёсць такая рэч, якую рэжысёр не мусіць сабе дазваляць: страта дыстанцыі. Як толькі вы распавядаеце герою ўсё, што задумалі, ён свядома ці несвядома будзе іграць, страціць натуральнасць. Ён вам пакажа, каго вы хочаце, а не кім ён ёсць. Але насамрэч вы павінны яго раскрыць — да прыкладу, каб ён сказаў тое, што ён ніколі, можа, раней не гаварыў. Вы яго вядзеце, а не ён — вас. Існуе і іншая крайнасць, калі рэжысёр ператвараецца ў цыніка. Такіх прыкладаў у сучаснай дакументалістыцы дастаткова: рэжысёр падводзіць, нават падштурхоўвае героя да пэўных дзеянняў. Хтосьці здымае смерць персанажа, хтосьці — спробу самазабойства героя…
Ёсць этыка дакументальнага кіно — і многія рэчы рабіць сапраўды нельга. Але… трымайцеся сваёй гульні! На здымках трэба асцярожна падштурхоўваць героя да такіх сітуацый, каб ён мог паказаць сваю сутнасць.
І тут мы ўпіраемся ў характар рэжысёра, дзе важныя мэтанакіраванасць, найстойлівасць і, у той жа час, шчырасць і сумленнасць. Інакш не атрымаецца добрае кіно.
Месца і час нараджэння
— Калі сказаць, што яны ўплываюць на кар’еру рэжысёра — нічога не сказаць. На маю думку, быць у Беларусі рэжысёрам ігравога кіно — сапраўдная трагедыя. А вось для дакументалістаў нарадзіцца ў Беларусі — удача. Па-першае, дакументальнае кіно не патрабуе вялікіх тэхнічных рэсурсаў. Па-другое, тут збольшага ўсё залежыць ад вас асабіста. Наогул, арэал постсавецкай прасторы — унікальная тэрыторыя для кіно, дзе жыццё часам нерацыянальнае, на мяжы абсурду, дзе нямала гістарычных недарэчнасцей, многа яркіх чалавечых гісторый і драм, дзе разнастайная прырода. Гэта акурат тое, што шукаюць дакументалісты. Тым больш, што ёсць зразумелая руская мова.
Карыстайцеся гэтым! Частку сваіх фільмаў я зняў у Расіі, пры тым, што з’яўляюся беларускім рэжысёрам. Вось стужка “Зямля” здымалася ў Цвярской вобласці. Мяне зацікавіла тэма — і я паехаў ды зрабіў кіно.
Ваша біяграфія
— На жаль, цяпер у Беларусі прафесія рэжысёра-дакументаліста не цэніцца. І цешыць ілюзіямі я нікога не стану. Калі ў 1990-я кожны з дакументалістаў на “Беларусьфільме” меў на працягу года працу, сёння лічыцца добрым, калі ён здыме адзін (!) фільм з тэрмінам вытворчасці (і адпаведна заробку) два з паловай месяцы.
Менавіта таму, што я раней у 1990-я і пачатку 2000-х — меў пастаянную працу на студыі, я змог рэалізавацца. Бо змог набраць досвед. Я ўпэўнены, што тут працуе правіла так званых “10 гадоў”, якое сведчыць, што ў сярэднім рэжысёр робіцца прафесіяналам, калі ён пастаянна здымае на працягу 10 гадоў. Гэта праўда маёй біяграфіі. Але ваша можа стацца іншай.
Без дзяржпадтрымкі, я лічу, беларускага прафесійнага кіно не будзе. Праўда, вы можаце зараз здымаць і без студыі. Што патрэбна? Камера за дзве тысячы долараў, мікрафон за адну тысячу. Гэтага дастаткова, каб рабіць кіно і прабівацца на фестывалі. Балазе прафесія — выдатная магчымасць пабываць за мяжой.
Ёсць краіны, дзе дакументальнае кіно ў пашане, і на яго збіраюцца поўныя залы. Вось у Амстэрдаме ладзіцца адзін з найпрэстыжных кінафестываляў у свеце — IDFA, існуе славуты фестываль дакументальнага кіно і анімацыі ў Лейпцыгу, фестываль дакументальнага кіно ў Таронта “Гарачыя сцягі”. Калі вы праб’ецеся на гэтыя форумы — патрапіце ў вышэйшую лігу. Але пачынаць можна з таго ж Кракаўскага фестывалю, арыентаванага на Усходнюю Еўропу. Насамрэч, сапраўды статусных форумаў дакументальнага кіно ў свеце прыкладна дзесяць. Астатнія — гэта турызм.
Некаторыя мяркуюць, што для таго, каб рабіць сапраўднае кіно, трэба з’ехаць з Беларусі. Я ведаю многіх рэжысёраў, якія з’ехалі не толькі з Беларусі, але з Украіны, Расіі, Грузіі. Але вось што я заўважыў: жывучы за мяжой, яны прыязджаюць здымаць свае фільмы дадому. Бо калі вам больш як 20 — 25 гадоў, вы не зможаце адарвацца ад сваёй краіны, нават калі вы і вучыцеся прафесіі за мяжой. І розумам, і эмацыйна вы не можаце адарвацца ад той зямлі, на якой выраслі. Бываюць рэдкія выключэнні. Але звычайна, калі рэжысёры-эмігранты не здымаюць пра сваю радзіму, яны знікаюць у нікуды.
Янку Купалу, можа, не надта ведаюць у далёкім замежжы. Як і Пушкіна, скажам, у Аргенціне. Але гэта ніколькі не змяншае значэння Купалы як паэта для беларусаў. Тое самае і з рэжысёрамі.
А колькі важных для нас тэм, якія да гэтай пары маюць патрэбу ва ўсё больш глыбокім раскрыцці! Той жа Чарнобыль, на маю думку, — зусім не адкрытая кніга. Мы спачуваем трагедыям іншых народаў, але наш край столькі вытрываў. Іншая справа, што мы да гэтага прызвычаіліся, і не гаворым аб тым. Але гісторыя патрабуе сур’ёзнага стаўлення і грунтоўнай гаворкі пра яе.