— У матэрыяле акрэслена шмат болевых кропак, — падзялілася Алена Мікалаеўна. — Зараз адбываецца працэс аптымізацыі, а таму за кожнага работніка мы хвалюемся. Перажываем і за насельніцтва нашага раёна, бо калі клуб зачыніцца, куды людзям звяртацца па культурныя паслугі. Пераканана, што нават маленькі сельскі клуб робіць вялікую справу. Той жа аўтаклуб на дадзены момант не зможа цалкам замяніць стацыянарную ўстанову, пры якой дзейнічаюць гурткі, куды можна заўсёды завітаць.
Зусім нядаўна наведала маланаселеную вёску Зубкава. Там жыве ўсяго 40 чалавек, але з іх 12 дзяцей, якім у школу даводзіцца дабірацца ў іншую вёску за пяць кіламетраў, часам і на веласіпедзе. Няма там сёння ўжо і клуба. І як у такой сітуацыі дзецям далучацца да культуры, да народных традыцый?
Яшчэ адна праблема, акрэсленая ў артыкуле — запатрабаванасць сельскіх устаноў культуры ў спецыялістах. Знаходзячыся на памежжы краіны, таксама мы перажываем кадравы голад. Вельмі мала ў нас працуе маладых спецыялістаў. Што і казаць, калі ў 2013-м ніводзін выпускнік профільных ВНУ не вырашыў працаваць у сферы культуры нашага раёна пры тым, што заяўкі неаднаразова падаваліся.
За кадрамі цягнецца і іншы наш клопат: як зацікавіць маладое пакаленне культурай, адарваць — у літаральным сэнсе — ад камп’ютара. Пераканана, што праблема гэта вырашальная: зацікавіць моладзь можна, але кіраўнік установы павінен быць вельмі апантаным чалавекам, такім спецыялістам сваёй справы, як Алімпіяда Леанавец з вёскі Гарадная, якая, можна сказаць, жыве ганчарствам, стараецца перадаць гэтае майстэрства моладзі.
Вяртаючыся да «гарачай лініі», хочацца таксама адзначыць нашу працу з клубнымі работнікамі. Так склалася, што супрацоўнікі сельскіх бібліятэк, дамоў культуры і клубаў самі прапаноўваюць актуальныя для іх тэмы семінараў. Наш метадцэнтр, у сваю чаргу, улічваючы адпаведную запатрабаванасць, праводзіць вучэбную працу. Стараемся, каб клубныя работнікі вучыліся формам працы з насельніцтвам, а таму акрамя тэорыі, што называецца, трэніруемся і на практыцы. Так, мы праводзім семінары на базе пэўнай сельскай клубнай установы.
Фота аўтара