Квінтэсенцыя Мулявіна
9 ліпеня на віцебскай Алеі лаўрэатаў спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення", якая месціцца непадалёк ад увахода ў Летні амфітэатр, адкрыюць пліту ў гонар Уладзіміра Мулявіна і яго легендарнага калектыву. І месца гэтае - невыпадковае: "Песняры" з першага ж "Славянскага базару" былі яго ўдзельнікамі, Уладзімір Мулявін шматкроць выступаў старшынёй і членам журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск". У 1994-м "Песняры" святкавалі сваё 25-годдзе на віцебскай сцэне, у 1996 годзе Мулявін разам з Мікалаем Пінігіным выступіў рэжысёрам Дня Беларусі, у 2001-м ансамбль выконваў цэлае аддзяленне песень Ігара Лучанка на творчым вечары кампазітара...
Сёння ж, прыгадваючы легендарных "Песняроў", мо ўспомніце і вы радкі з песні, напісанай Уладзімірам Мулявіным на словы яшчэ аднаго ўдзельніка першага складу ансамбля - Валерыя Яшкіна: "Тысячу раз, тысячу раз наши сгорят сердца, и тысячу раз вспомнят о нас улицы без конца"...
Пясняр - ён заўжды ў нечым і празорца...