А з 6 па 11 лютага ў Гродне пройдзе XVI Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі Дабравест”. У праграме: выставы, вечар духоўнай паэзіі, выступленні харавых калектываў з Сербіі, Арменіі, Украіны, Расіі ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбудзецца ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.
6 лютага ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрыецца (у рамках згаданага вышэй фестывалю) выстава работ выхаванцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра. Выстава завецца “Прыгажосць Боскага свету”. У экспазіцыі — жывапіс, графіка і кераміка.
9 лютага ў Палацы культуры МТЗ запланаваны канцэрт-прэзентацыя з нагоды выхаду кнігі “Беларускія народныя музычныя інструменты”. Аўтар праекта Тадэвуш Стружэцкі паведамляе: “Мерапрыемства называецца “Галасы Бацькаўшчыны”. А кнігу выдала “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Майстры Алесь Лось з Валожыншчыны і Мар’ян Скрамблевіч з Гродзенскага раёна пазнаёмяць са сваімі калекцыямі, агучаць уласнаручна адноўленыя ці зробленыя інструменты. Выступяць Заслужаныя аматарскія калектывы: ансамблі “Палешукі” з Іванава, “Паазер’е” з Пастаў, “Пастараль” з Дзяржынска, “Дударыкі” з Мінска, народныя калектывы: “Картузяне” з Бярозы, “Гудскі гармонік” з Лідскага раёна. У ліку выканаўцаў — і кіраўнік этна-трыа “Троіца” Іван Кірчук. Сваё майстэрства прадэманструюць капэла народных духавых інструментаў “Гуды”, ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча. Можна будзе прыдбаць не толькі кнігу, але і сувеніры з Іванаўскай школы бондарства і Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў”.
Навіна з сацыяльных сетак. Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа наладзіла чарговы факультатыў па краязнаўстве “Сустрэчы з мінулым і сучасным”. Да бібліятэкараў і чытачоў прыйшлі супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Слонімскага РЦК і правялі майстар-класы па ручным ткацтве габеленаў, паясоў і вырабе сувенірных кошыкаў.
Гонарам вёскі Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна з’яўляецца фальклорны гурт, якім кіруе Аліна Мішчук. Пра гэта піша Настасся Голуб. Гурт створаны ў 1975 годзе тагачасным загадчыкам клуба Антонам Гузарыкам. Большасць рэпертуарных песень — аўтэнтычныя, запісаныя ад мясцовых носьбітаў песеннай творчасці. Адна бяда: калісьці ў калектыве налічвалася два дзясяткі чалавек, цяпер — толькі шэсць кабет, самай старэйшай — больш за 80 гадоў. Заслуга гурта яшчэ і ў тым, што дзякуючы яму ў вёсцы бытуе абрад “Выпечка вясельнага караваю”. А песню гурта “Плыві доля ты з вадою” выконвае і эстрадны спявак Георгій Калдун: у Нацыянальным хіт-парадзе “Сто песень для Беларусі” яна — у тройцы лепшых.
Яшчэ дзве інфармацыі з Дзятлаўшчыны. У раёне прайшла традыцыйная сустрэча працоўнай моладзі. Назва мерапрыемства — “Святкі.by”. У раённым цэнтры разам сабраліся 57 маладых спецыялістаў з арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак Дзятлаўшчыны. Знаёміліся з уладамі, абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з пачаткам працоўнай біяграфіі, прыкідвалі ўласныя перспектывы.
Кіраўнік Беларускага ігравога тэатра роставых лялек “Dolls4All” Іван Каско анансуе II фестываль-карнавал роставых лялек і гульнявых праграм, што мяркуецца правесці ў Дзятлаве 26 — 28 мая. Кіраўнік калектыву пазіцыянуе яго як частку event-індустрыі Беларусі. А фестываль, па перакананні Івана Каско, скіраваны на ўдасканаленне рэпертуарнай палітыкі і павышэнне ўзроўню тэатралізаваных праграм, а таксама — на выпрацоўку сучасных тэхналогій для наладжвання дзіцячых святаў. Калі так, дык ухвальна.
З 10 па 15 мая ў рамках Года беларускай культуры на Сардзініі (Італія) адбудзецца канцэрт. Вось што паведамляе Ганаровы Консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры (Консульская акруга Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія — Італія) Джузэпэ Карбоні: “Год беларускай культуры арганізаваны пад патранатам Прэзідыума Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Італіі і пры супрацоўніцтве з Цэнтрам міжнародных сувязяў Міністэрства адукацыі Беларусі і Італа-беларускага цэнтра супрацоўніцтва і адукацыі “Сардзінія”. З гэтай нагоды абвяшчаецца адкрыты конкурс на выбар народнага музычнага калектыву, які возьме ўдзел у двух канцэртах — у гарадскім парку Кальяры і ў музычным клубе горада Сасары. Выбар калектыву ажыццяўляецца да 6 лютага”.
Удзельніца сямейнага клуба патрыятычнага і эстэтычнага выхавання “7Я” Уладзіслава Усціновіч з Рэчыцы (Гомельшчына) паведамляе пра фалькларыста і балетмайстра Міколу Котава. Ён — носьбіт мясцовых абрадаў. “А яшчэ высокай актыўнасцю па адраджэнні народных святаў і традыцый, — піша аўтар допісу, — вызначаюцца на Рэчыцкім Палессі аматарскія аб’яднанні “Жывіца” і “Сям’я”, што нарадзіліся амаль дваццаць гадоў таму ў Азершчынскім цэнтры культуры і адпачынку, а цяпер працуюць пры Рэчыцкім гарадскім палацы культуры. Нядаўна гэтыя аб’яднанні зладзілі ў цэнтры горада Каляды”.
Пры сельскай бібліятэцы вёскі Мішневічы (Шумілінскі раён) каля дзесяці гадоў дзейнічае клуб па інтарэсах “Люстэрка”. Кіруе ім бібліятэкар Людміла Тарасава. Скіраванасць “Люстэрка” — тэатральная. Днямі Людміла Віктараўна ў чарговы раз набрала ў клуб новы склад ”артыстаў”, бо колішнія паспелі школу скончыць і раз’ехацца. А памяць пра пастаноўкі і сцэнкі засталася, бо “Люстэрка” ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах сельсавета і аўтарытэт мае немалы. Вельмі часта сюжэты спектакляў будуюцца на мясцовым матэрыяле. Новы набор гурткоўцаў, па словах бібліятэкара, таксама таленавіты і традыцыям здраджваць не збіраецца.
8 лютага спаўняецца 207 гадоў з дня нараджэння беларускага жывапісца XIX стагоддзя Івана Хруцкага. Наваполацкая дзіцячая мастацкая школа носіць імя знанага мастака, таму згаданая дата адзначаецца з асаблівым піетэтам. 6 лютага тут па традыцыі адбудзецца свята першакласнікаў — “Прысвячэнне ў юныя мастакі”. Сёлета чакаецца рэкорд: у цырымоніі будуць удзельнічаць больш за 80 пачаткоўцаў. Іх чакаюць творчыя выпрабаванні, вясёлыя гульні і конкурсы, звязаныя з самымі рознымі відамі выяўленчага мастацтва. Пасля “клятвы юнага мастака” і жартаўлівага абраду “памазання” першакласнікі атрымаюць сертыфікат навучэнца мастацкай школы. 10 лютага ў навуковай бібліятэцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пачне працу выстава “Вялікаму майстру прысвячаецца…” У экспазіцыі — каля сарака творчых работ выпускнікоў школы, якія сталі студэнтамі ўніверсітэта і неўзабаве набудуць прафесіі дызайнера і архітэктара.
Піша дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў Наталля Клімко: “Вырабы мясцовых майстроў упрыгожваюць калекцыі самых розных музеяў, і не толькі беларускіх. Шмат узораў мясцовага мастацтва захоўваецца і ў Цэнтры рамёстваў. Яны патрапілі сюды ў выніку нашых экспедыцый. Таму асобныя віды мастацтва адраджаюцца падчас работы гурткоў і майстар-класаў. 1 лютага ў РЦР завіталі студэнты Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа, агледзелі выставу “Куфар былога”. У экспазіцыі — больш за сотню прадметаў: саматканыя радзюжкі, ручнікі і паяскі з вёсак Сямкова, Новыя Лагадкі, Купіск, Ваўковічы, Нягневічы, Мірацічы, прылады працы з вёсак Малыя Карнышы, Літоўка, Пуцэвічы, Кміцянка, папяровыя фіранкі з калекцыі работ Ніны Шурак”.