пушкінскіх радкоў пра мароз і сонца. Праз нечаканую пабудову перспектывы Ганна Конанава-Грыгалец ("Пачатак") і Вольга Мельнік-Малахава ("На дыванку") прыцягваюць увагу да звыклых сюжэтаў. Скульптура "Фрактал" Івана Хамініча - вартая ўвагі спроба выказаць думку праз нефігуратыўную пластыку. "Лесвіца на гарышча" Аляксандра Балдакова ўяўляе з сябе прасторавую кампазіцыю з метафарычным зместам. Гэтыя і іншыя творы выстаўкі сведчаць пра добры творчы патэнцыял маладога пакалення беларускіх мастакоў.Адборам работ у экспазіцыю займалася спецыяльная камісія, якую ўзначальваў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. У яго наш карэспандэнт высвятляў: гэта работы вучэбныя або самастойныя і якімі крытэрыямі кіравалася камісія пры адборы? Міхаіл Рыгоравіч адказаў: "На выстаўцы прадстаўлены творы, аўтары якіх альбо ўганараваны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, альбо могуць на гэта прэтэндаваць. Гэта не толькі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, але і ўсіх навучальных устаноў, што рыхтуюць творчыя кадры. Галоўным крытэрыем адбору была якасць твораў, а самастойная гэта работа або вучэбная - для нас было не істотна. Мы не абмяжоўвалі відэарад традыцыйным выяўленчым мастацтвам, таму гледачы пабачаць і фотамастацтва, і дызайн. Думаю, у такіх экспазіцыях могуць быць інсталяцыі, узоры эстэтычнай арганізацыі прасторы ды іншыя знакі сучаснасці. Галоўнае - кожная работа мусіць уяўляць з сябе мастацкі твор".
Фота Юрыя ІВАНОВА