![]() |
Уладзімір Слабодчыкаў і мадэль помніка Сямёну Зорычу (да адліўкі ў бронзе). |
— Ідэя зыходзіла ад Шклоўскага райвыканкама. Быў праведзены конкурс, і мы з архітэктарам Юрыем Градавым сталі ў ім пераможцамі. Потым да нас далучыліся і Алег Варвашэня, і Георгій Сіваеў, бо сціслыя тэрміны працы вымагалі дапамогі. Ад вас я ўпершыню пачуў пра апытанне шклоўцаў, і гэта нагадала мне даўнюю традыцыю народных помнікаў: калі ад народа зыходзіла ініцыятыва ўсталявання помніка і людзі самі збіралі на яго грошы. Такім чынам былі “зроблены” помнікі, напрыклад, А.Пушкіну, Ф.Дастаеўскаму… Можа быць, гэтая традыцыя зноў адновіцца.
— На ваш погляд, асоба Зорыча вартая народнага ўшанавання?
— Я першы раз пра Зорыча пачуў, калі яшчэ быў студэнтам. Так, гэта фігура неадназначная, і сярод іншага мы не можам не заўважыць і яскравасць яе спраў, яе творчы пачын, урэшце, яе харызму. Можам толькі ўявіць, кім для Шклова ў тыя часы быў граф Зорыч, калі звычайнае правінцыйнае мястэчка ператварылася ў адзін са значных гарадоў Расійскай імперыі і нават Еўропы.
— Ці праўда, што дзякуючы Зорычу ў Шклове нават была адкрыта мануфактура па вырабе швейцарскіх гадзіннікаў?
— Так. І гэта толькі адзін з яго ўнёскаў у развіццё горада. Зорыч запрасіў у Шклоў швейцарскіх майстроў, якія навучылі тутэйшых чаляднікаў гадзіннікавай справе. І вядома, што тыя швейцарскія гадзіннікі “шклоўскай вытворчасці” пастаўляліся да двара Кацярыны ІІ. А яшчэ трэба ўзгадаць і яго дзейнасць па заснаванні кадэцкага корпуса, тэатра…Увогуле, можна зрабіць і больш далёкі экскурс у гісторыю. Па нацыянальнасці Сямён Зорыч быў сербам. Яго выхаваннем займаўся дзядзька і, як было прынята ў тыя часы, ён аддаў хлопца ў ваеннае вучылішча. Пасля яго заканчэння Зорыч патрапіў на руска-турэцкую вайну, а там — у палон да туркаў. Вызвалены ён быў толькі праз тры гады, і за тое, што за гэты тэрмін не стаў мамелюкам (не прыняў мусульманства), быў адзначаны і прадстаўлены графу Пацёмкіну. Пацёмкін адразу ўзяў Зорыча пад сваё апякунства і нават зрабіў яму аўдыенцыю ў царыцы. Зорыч, можам зрабіць такую выснову, быў прыгожым мужчынам, бо Кацярына ІІ пасля знаёмства імгненна вылучыла яго сярод сваіх вяльмож і зрабіла фаварытам. Яна казала пра Зорыча так: “Храбры ў баі, нясмелы ў быце”. Неўзабаве наш герой атрымлівае генерал-маёра, мінуючы іншыя званні, і ўсё ў яго складваецца найлепшым чынам, пакуль Пацёмкін не пачынае выказваць нездавальненне захапленнем царыцы. Кажуць, што справа дайшла да дуэлі, але Кацярына ІІ сама прыняла рашэнне аддаліць Зорыча ад сябе. Яна дорыць яму ў валоданне Шклоў і вялікую суму грошай, і граф назаўжды з’язджае з Масквы. Болей ён пры двары не з’явіцца. Але Кацярына ІІ двойчы наведвае Шклоў, і гэта, мне падаецца, гаворыць на карысць Зорыча, бо, пагадзіцеся, царыца была занятай жанчынай і мела дастаткова дзяржаўных спраў, каб “не даехаць” да правінцыйнага мястэчка.Вось тут, нібы ў далечыні ад вялікага свету, Зорыч пачынае сваю бурную дзейнасць мецэната. Папершае, ён стварае ў Шклове тэатр, у якім іграюць прыгонныя сяляне, але тэатр настолькі высокага ўзроўню, што слава аб ім разыходзіцца далёка за межы Шклова. Асобныя акцёры Шклоўскага тэатра Зорыча потым былі вывезены ў Санкт-Пецярбург і склалі там гонар пецярбургскай сцэны.Па-другое, Зорыч для юнакоў з беднага шляхецтва засноўвае кадэцкі корпус, які абсталёўвае на еўрапейскім узроўні. У корпусе была вялікая бібліятэка, цудоўны збор твораў мастацтва, сярод выкладчыкаў — буйныя імёны еўрапейскага навуковага свету. Навучэнцы займаліся ў абсталяваных па апошнім слове тэхнікі класах астраноміі, фізікі, матэматыкі, якімі пахваліцца маглі далёка не ўсе ўстановы падобнага кшталту ў Расійскай імперыі. Кадэты проста маліліся на графа.Пазней Зорыч запрашае ў Шклоў і швейцарскіх майстроў, якіх мы з вамі згадвалі… Што і казаць, пры кіраванні Зорыча горад развіваецца, расце, становіцца вядомым. Туды сцякаецца ўсё адстаўное афіцэрства. Пра Шклоў пачынаюць гаварыць, што там можна знайсці ўсё, чаго душа пажадае.
— Што адбываецца з горадам, калі Зорыч сыходзіць?
— Ён памірае ў 52 гады. Пасля яго смерці ўсё прыходзіць у заняпад. Кадэцкі корпус пераводзіцца ў Маскву, і там на яго базе адкрываецца вядомае Маскоўскае кадэцкае вучылішча. Тое ж самае адбываецца і з тэатрам. Да нашых дзён, мабыць, “дажыў” толькі парк, заснавальнікам якога, кажуць, быў граф і царква.
— Вам было складана ствараць аблічча Зорыча?
— Калі я распачынаў працу над помнікам, знайшоў толькі два яго жывапісныя партрэты — парадныя, у духу таго часу. І я вырашыў зрабіць сваё вобразнае рашэнне гэтай
![]() |
Партрэт Сямёна Зорыча. |
— Ці адразу было вызначана месца, дзе ён будзе стаяць?
— Не. Спачатку была ідэя ўсталяваць яго каля Шклоўскага краязнаўчага музея, але потым вырашылі паставіць помнік у парку: ёсць інфармацыя, што менавіта Зорыч з’яўляецца яго заснавальнікам. Фігура графа стаіць на цыліндрычным пастаменце з чырвонага граніту (яго зрабіў Алег Варвашэня). На пастаменце будуць выявы картушоў з інфармацыяй пра справы Зорыча, фігуркі актрысы, кадэта і музыкі. Сам помнік — з бронзы цёплага колеру, што будзе вельмі пасаваць да колеру граніту. Юрый Міхайлавіч Градаў знайшоў ідэальныя прапорцыі для таго, каб увесь манумент гарманічна глядзеўся ў парку, не парушаючы яго ландшафтнага архітэктурнага суладдзя. Увогуле, Шклоў — горад малапавярховы, і вялізная фігура парушала б яго гарадскі ансамбль. А так помнік графу Зорычу прыгожа і годна ўвойдзе ў яго кампазіцыю. Шклоўцы, мяркую, зрабілі сабе цудоўны падарунак да Дня пісьменства.
Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ