![]() |
Кадр з фільма "Чортавы правінцыялы". |
Сёлетнія Дні культуры Швецыі ў Беларусі ўвабралі ў сябе яшчэ і Літаратурна-музычныя дні, што прайшлі ў Мінску, Гродне і Пінску з удзелам шведскіх і беларускіх пісьменнікаў і музыкантаў, ды прэзентацыі кніг — беларускага даследчыка Андрэя Катлярчука “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў” і шведскага ілюстратара і пісьменніка Енца Албома “Ёнатан з гары чаек”.
“На восень Аддзяленнем Пасольства Швецыі ў РБ ужо запланаваны новыя культурныя мерапрыемствы, — падзялілася падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Нацыянальнаму святу Швецыі — Дню шведскага сцяга, які адзначаецца 6 чэрвеня, каардынатар праграм у галіне культуры, інфармацыі і прэсы Аддзялення Алена Касько. — Выстаўка срэбных упрыгожанняў у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, а таксама майстар-клас шведскіх дызайнераў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Шведскі інстытут таксама мае шмат розных праграм і па культурным абмене”.Кіраўнік Аддзялення Пасольства Швецыі ў РБ Стэфан Эрыксан на сустрэчы з журналістамі адзначыў, што ў перспектыве даўно чакаюць свайго часу і Дні эканомікі Швецыі ў Беларусі, а таксама не падаецца нерэальным праектам будаўніцтва ў Мінску супермаркета фірмы IKEA.
Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ