![]() |
Першапачатковая ідэя арганізаваць такую перасовачную, вандроўную выстаўку на малой радзіме мастака - Магілёўшчыне - належыць старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Барысу Батуру. Менавіта з яго лёгкай рукі 30 карцін Віктара Альшэўскага адправілі ў дарогу па рэгіёне - Бялынічы, Шклоў, Крычаў, Асіповічы, Бабруйск, Магілёў, - каб сродкамі жывапісу паказаць землякам прыгажосць зямлі Беларусі, яе багатую спадчыну, каштоўныя жывыя ніці "ўспамінаў пра будучыню", якія моцна звязваюць нас з гісторыяй чалавечай цывілізацыі.
Барыс Батура ў прадмове да каталога выстаўкі В.Альшэўскага падкрэсліў: "Калекцыя карцін "Легенды нашай цывілізацыі" дапамагае больш глыбокаму пазнанню гісторыі Беларусі, нацыянальнай культуры, традыцый. Палотны мастака гарманічна знітоўваюць у мастацкай прасторы далёкія гістарычныя падзеі і сучаснасць, розныя культуры і народы. І нам адкрываецца, якім дыяментам зіхаціць у свеце наша родная Беларусь. Найперш - яе духоўныя скарбы, святыні, помнікі нацыянальнага дойлідства. Перад карцінамі гэтага мастака адчуваеш жывую, непарыўную сувязь пакаленняў. Ахоплівае гарачае жаданне берагчы родны край, памнажаць яго багацці - прыродныя, духоўныя, культурныя. Сэрцам авалодваюць вялікая любоў і замілаванасць да радзімы, і з новай сілай абуджаюцца мужнасць, пяшчота і гонар".
![]() |
Восенню 2009 года выстаўка будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі, і тады мінчане ды госці сталіцы таксама пазнаёмяцца з палотнамі мастака, большасць якіх - новыя, выкананыя ў апошнія два гады, у тым ліку "Нікольская царква ў Магілёве", "Слуцкая брама ў Нясвіжы","Крыніца", "Ружаны", "Траекторыя", "Калона Славы. Магілёўская ратуша", "Трансфармацыя", "Свята для кветкі", "Партрэт Валянціна Елізар'ева", "Загадкавая Кападонія" і інш.
Б.К.