![]() |
У полымі Вялікай Айчыннай загінула ўсё бібліятэчнае абсталяванне. Асабліва пацярпелі кнігі. Толькі невялічкую, але самую каштоўную частку фонду — калекцыю князя Паскевіча — у жніўні 1941-га ўдалося эвакуіраваць у Пензенскую вобласць.
Адразу пасля вайны пачалося адраджэнне бібліятэкі. Паколькі будынак быў зруйнаваны, пад установу прыстасавалі два пакоі сярэдняй школы № 10. Кніжны фонд складаў 500 выданняў, а колькасць чытачоў не перавышала 155 чалавек. Але ўжо ў 1947-ым кніжны фонд перавысіў 100 тысяч адзінак захоўвання (дарэчы, на сёння ў ім — больш за мільён выданняў). Супрацоўнікі наладжваюць актыўную асветную работу сярод чытачоў і жыхароў абласнога цэнтра, выступаюць з прамовамі і лекцыямі не толькі ў бібліятэцы, але на прадпрыемствах і ва ўстановах горада.
У 1961 годзе бібліятэка пераязджае ў новы будынак на плошчу Перамогі. Пашыраецца структура ўстановы, арганізоўваюцца пастаянныя выстаўкі кніг, інфармацыйных матэрыялаў, ладзяцца чытацкія канферэнцыі, дыспуты, літаратурныя і музычныя вечары, арганізоўваюцца экскурсіі. У 1998-ым аблвыканкам прымае рашэнне аб узвядзенні прыбудовы да бібліятэкі, а ў новым корпусе, які адкрыўся ў 2001 годзе, размясціліся спецыялізаваныя чытальныя залы, інтэрнет-цэнтр, актавая зала, хол для кніжных выставак і мастацкіх экспазіцый, цэнтр прававой інфармацыі. А ў лютым 2008-га тут быў адкрыты музей рэдкай кнігі. У яго аснове — тры калекцыі: зборы Паскевіча, мініяцюрныя выданні і рэдкіякнігі з бібліятэчнага фонду.
На сёння абласная бібліятэка, якая святкуе 80-годдзе, — метадычны цэнтр для 723 публічных бібліятэк Гомельшчыны. За духоўна-маральнае выхаванне чытачоў установа ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Валянціна ДУБРОВА,
дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі
На здымку: дружны калектыў бібліятэкараў.
дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі
На здымку: дружны калектыў бібліятэкараў.