![]() |
Традыцыйныя беларускія строі жаніха і нявесты. |
Загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва МАЦНТ Наталля Сухая распавяла карэспандэнту “К”, што дадзеная выстаўка распачынае арт-праект “Беларускі стыль”. Ініцыятарам акцыі з’яўляецца студэнцкае этнаграфічнае таварыства, у якое ўваходзяць моладзь з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, а таксама будучыя гісторыкі, архітэктары са сталіцы ды іншых населеных пунктаў.
Штуршок да ўзнікнення праекта, які выліўся ў паўнавартасную выстаўку, далі паездкі маладых этнографаў у Швецыю. Па словах Наталлі Аляксандраўны, на маладых людзей зрабілі незабыўнае ўражанне адносіны шведаў да сваёй спадчыны і сфарміраванае тамтэйшымі асветнікамі паняцце “шведскі стыль”.
Таму галоўнай мэтай для кіраўніка студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксея Глушко стала прэзентацыя ўласна беларускага стылю. Кожны з наведвальнікаў зможа ўсвядоміць, што многія старажытныя рэчы можна выкарыстоўваць і ў сучасным побыце, а спрадвечныя традыцыі і тэхналогіі — арганічна ўпісаць у штодзённае жыццё. Таму і пачалі праект з вяселля, бо ў гэтым абрадзе, як ні ў якім іншым, захаваліся традыцыі продкаў. Згадзіцеся, рэдка якое з сучасных вяселляў абыходзіцца без абсыпання маладых жытам, абыходу святочнага поезда бацькамі з іконай, звязвання рук ручніком. ![]() |
Куфар з пасагам. |
Частку экспазіцыі складаюць рэчы са шматлікіх экспедыцый па родным краі. Прыкладам, знаходкай сумеснай паездкі прадстаўнікоў аддзела традыцыйнага мастацтва МАЦНТ і студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў Старадарожскі раён сталі запісы унікальных песень, атрыманыя ўзоры старажытнага тэкстылю, фотаздымкі фрагментаў адзення. Багата і твораў сучасных аўтараў, зробленых па старадаўніх тэхналогіях, і фатаграфій, стылізаваных пад даўняе вяселле.
Наталля Сухая падкрэсліла, што выстаўка будзе прапанавана для экспанавання ў раённых цэнтрах. Гэтую ідэю мінскім культработнікам падказалі калегі з Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, якія ўжо некалькі гадоў запар з вялікім поспехам праводзяць перасоўныя выстаўкі па музеях, клубах, дамах і цэнтрах рамёстваў. Зараз у аддзеле традыцыйнага мастацтва МАЦНТ ужо маюць заяўкі з Пухавічаў, Нясвіжа, Капыля, Мядзела. Але культасветнікі гатовы пасадзейнічаць зацікаўленым і з іншых абласцей рэспублікі, каб як мага больш беларусаў пазнаёмілася з вясельнымі традыцыямі продкаў.
Настасся ПАНКРАТАВА
Фота аўтара