На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця чырвоную стужку перарэзалі Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, дырэктар “СПАМАШ” Анжаліна Мікульская і першы намеснік
старшыні Мінгарвыканкама Ігар Юркевіч.
— Будынак стане цэнтрам прыцягнення ўсіх маладых талентаў, якія вырашылі прысвяціць сваё жыццё культуры і мастацтву, — адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар. — Гэта падзея і звычайная, і, у той жа час, не зусім, бо сведчыць аб той сацыяльнай адказнасці бізнесу, якой нам не хапае ў штодзённасці. Безумоўна, тут змогуць запаліцца дзясяткі імёнаў.
У новых памяшканнях Прадзюсарскага цэнтра “СПАМАШ” створаны ўсе ўмовы для выхавання юных талентаў: прасторная харэаграфічная зала, класы для заняткаў музыкай і вакалам, сучасная гуказапісваючая студыя, распрацоўкай якой займалася буйная англійская кампанія Miloco Studios.
Перад уваходам у Цэнтр мінакоў сустракае помнік “Прысвячэнне паэту” (архітэктар і яго, і будынка — Рыгор Гулякевіч). Прататыпам скульптуры аўтарства Уладзіміра Слабодчыкава стаў малады Уладзімір Караткевіч. Гараджанам помнік прэзентавалі сам аўтар, а таксама фіналістка вакальнага конкурсу “Я пою”, вучаніца студыі мастацтваў пры Прадзюсарскім цэнтры Malinovka by Spamash Ксенія Галіцкая.
Па словах арганізатараў і ўдзельнікаў цырымоніі, “Прысвячэнне паэту” — гэта сімвал юнага творцы, які робіць першы крок на сваім шляху.
— Менавіта ў гэтым месцы ў паэтаў, кампазітараў, аранжыроўшчыкаў з’явілася магчымасць рэалізавацца, — падкрэсліла Анжаліна Мікульская. — Нам важны вынік — хочам, каб у цэнтры стваралі творы, якія застануцца ў нашай гісторыі і будуць радаваць беларускі народ.
Прадзюсарскі цэнтр “СПАМАШ” на працягу 14 гадоў рыхтуе маладых артыстаў і займаецца іх прасоўваннем. Так, яго ганаровымі выпускнікамі з’яўляюцца заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алёна Ланская, пераможца “Славянскага базару ў Віцебску — 2017” Аляксей Грос, артысты Ганна Шаркунова, Іван Вабішчэвіч (Дзядзя Ваня) і шмат іншых вядомых беларускай публіцы імёнаў.
Сярод найбліжэйшых планаў “СПАМАШ” — падрыхтоўка да Цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў, што адбудуцца ў чэрвені 2019 года, а таксама святкавання тысячагоддзя Брэста на вяслярным канале.