Канцэртуйце, калі ласка!

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Раней да оперы ў канцэртным “фармаце” стаўленне было несур’ёзнае. Вось спектакль — іншая справа. Але рамонт Вялікага тэатра ўнёс свае карэктывы, вымусіўшы пашырыць амаль прызабытую практыку оперных гала-канцэртаў і ахапіць ёй не толькі сталічную і абласныя філармоніі, але і Палац Рэспублікі. Нядзіўна, што і нядаўняе сумеснае выступленне салістаў Марыінскага тэатра з Санкт-Пецярбурга і Беларускай оперы было аншлагавым. І віталі не “замежных зорак”, а “сваіх”: усе трое піцерцаў былі беларускага паходжання. Сапраўднай “госцяй” аказалася хіба лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальніца прыза імя М.Калас Ірына Ягорава з Масквы.

Нашы, “былыя нашы”, госця і аркестр-сола, вялі своеасаблівы дыялог, назва якому — канцэртаванне.
Аркестр уразіў шалёным тэмпам уверцюры да “Руслана і Людмілы”, неверагодным напалам медных духавых у “Апіевай дарозе” А.Рэспігі і ўвогуле бліскучым прафесіяналізмам. Дырыжор Андрэй Галанаў, які выступіў ініцыятарам і арганізатарам праекта, — упэўненай энергетыкай, уменнем выбудаваць драматургію, дакладна разлічыўшы кульмінацыі, зразумець і падтрымаць усе памкненні спевакоў. А ў “Вакханаліі” К.Сен-Санса — яшчэ і мудрагелістымі выкрутасамі на лацінаамерыканскі манер, што кампенсавалі адсутнасць на сцэне балета.

 /i/content/pi/cult/157/1278/Garadzecki.jpg

Юрый Гарадзецкі.

Таццяна Гаўрылава запомнілася як Снягурка, чый голас зроблены з вясновага капяжу крышталёвых ледзяшоў. Уладзіслаў Сулімскі — як Макбет, драматычная супярэчлівасць якога аказалася спеваку бліжэй за лірычныя прызнанні Ялецкага з “Пікавай дамы”.
Аксана Волкава — як спявачка з моцным унутраным магнетызмам. Ірына Гардзей скарыла не толькі шыкоўным італьянскім бельканта ды магутнымі “рыданнямі” драматычнага сапрана, але і дзівосна ціхім гучаннем у момант найбольшых пакут, што кранала мацней, чым усе жарсці. У постаці імклівага Аляксея Танавіцкага, які штораз не выходзіў, а выбягаў на сцэну, буйным планам адбіліся ў памяці рукі, выразнасць якіх бы працягвала выразнасць вакалу. А замерлая цішыня залы пасля Маналога Барыса М.Мусаргскага стала сведчаннем найвышэйшага прызнання. Двое тэнараў — Сяргей Франкоўскі і Юрый Гарадзецкі — бы прынцыпова адмовіліся ад “спаборніцкага шоу”, бо кожны знайшоў сваю “разыначку”: першы крануў лірыка-драматычнымі опернымі хітамі на папраўдзе сусветным узроўні, другі — адкрыццём цудоўнай, але мала вядомай музыкі, што гарманіравала з лірычнай афарбоўкай яго голасу. Раманс Вронэка з оперы “Яснае світанне” А.Туранкова парушыў міф аб правальнасці гэтага твора нацыянальнай спадчыны, бо яскрава прадэманстраваў ідэалагічныя прычыны такой ацэнкі: ці мог у спектаклі 1958 года так пранікнёна і замілавана спяваць пра свой родны куток не беларускі селянін, а… польскі пан?
Такія гала-канцэрты могуць і павінны быць не толькі “прынадай” для публікі, але і адкрыццём новых імёнаў, новага і незаслужана забытага рэпертуару, найперш нацыянальнага. І ладзіць іх трэба ў розных галінах выканальніцтва — у тым жа балеце, яскравым прыкладам чаго стаўся леташні творчы вечар В.Елізар’ева.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ