![]() |
"Паўлінка" Магілёўскага абласнога тэатра лялек (Беларусь). |
![]() |
"Маконда" тэатральнай групы Маасэр (Тэгеран, Іран). |
"Лялечная" гісторыя
Сёлетняя фестывальная праграма "Белай вежы" яшчэ раз пацвердзіла накірунак яе арганізатараў у бок тэатральнай інтэграцыі конкурсу, што, дарэчы, з'яўляецца пэўнай тэндэнцыяй і ў сучасным еўрапейскім фестывальным руху. Калі раней назіралася дакладна абазначаная размежаванасць драматычнай і лялечнай праграм (што для тэатралаў, якія не аддаюць перавагу аднаму жанру перад другім, складала пэўныя цяжкасці і немагчымасць трапіць на многія спектаклі), то сёлета ў агульнай конкурснай праграме гледачам былі прадстаўлены ўласна драматычныя пастаноўкі, пластычныя работы, вулічныя спектаклі і, канешне ж, лялечныя. Для самых маленькіх гледачоў свае работы прадставіў Рэспубліканскі тэатр лялек "Лікурыч" з Кішынёва. "Прыгоды Кіца" - жвавы парад вясёлых нумароў, у якіх малдаўскія акцёры прадэманстравалі юным гледачам тэхнічныя і сцэнічныя магчымасці кожнай з лялек. Пэўнай інтрыгі надаваў і "чорны кабінет", які "хаваў" таямніцу лялечнага ажывання, а ў фінале-такі раскрыў свой сакрэт маленькім гледачам.
Міжволі ўзгадаліся прадстаўленні бліскучага віртуоза гэтай справы Джыма Гэмбла, які некалькі гадоў таму проста скарыў брэсцкую фестывальную публіку сваімі лялечнымі паказамі"феерверкамі". Затое другая работа - "Казка-ланцужок", сыграная двума акцёрамі, ператварылася ў сапраўдны каскад цыркавых нумароў, так што дзеці з задавальненнем сачылі за тымі насамрэч "цудамі", што адбываліся на сцэне. І вось тут акцёры пакінулі нам, гледачам, адчуванне невядомага, так і не раскрыўшы таямніц, кшталту той, як жа ў пустым збанку на нашых вачах з'явілася малако. А вось Магілёўскі абласны тэатр лялек прывёз на фестываль класічную праграму: Купалаву "Паўлінку" і гогалеўскага "Вія", адрасаваныя больш сталаму гледачу. Абедзве гэтыя назвы сустрэць у тэатры лялек практычна немагчыма, але магіляўчане свядома ставяць перад сабой задачы пашырэння рэпертуарнай палітры твораў, дэманструючы, што лялька і класіцы не замінае. "Паўлінка" ў значнай ступені была задумана тэатрам як народны лубок, шмат у чым свавольны і свядома пазбаўлены ўсялякага шлейфу сваёй класічнасціі піетэту перад ім. "Вій" жа і ўвогуле пазначаны паводле свайго жанру як "народная хлусня са спевамі і страшылкамі".
![]() |
"Маконда" тэатральнай групы Маасэр (Тэгеран, Іран). |
![]() |
"Казка-ланцужок" Рэспубліканскага тэатра лялек "Лікурыч" (Кішэнеў, Малдова). |
І, варта зазначыць, абедзве работы прадэманстравалі непавярхоўны падыход да самога драматургічнага матэрыялу. Праўда, рэжысёру абодвух спектакляў Вячаславу Корневу ў пэўныя моманты было складана "справіцца" з яркай характарнасцю саміх лялек, так што сцэнічная дзея раз-пораз "пракручвалася ўхаластую", развіваючыся выключна на ўзроўні тэксту. Затое адным з самых яркіх уражанняў усяго фестывалю стаў спектакль другога дня - "Маконда" паводле апавядання "Стары чалавек з велізарнымі крыламі" Габрыеля Гарсія Маркеса, прадстаўлены іранскай лялечнай трупай "Маасэр". У ім арганічна спалучыліся як нацыянальныя традыцыі ўсходніх прадстаўленняў з распавядальнікам, "ролю" якога аддалі самому Маркесу, і музыкантамі, што ў вобразе рыбакоў ненавязліва суправаджалі сцэнічную дзею, "жывы" план, які існаваў пераважна ў фарсавай стылістыцы, так і лялечны пласт спектакля. Ён, на першы погляд, нібыта дубліраваў "вялікі свет", але пры бліжэйшым, больш пільным, разглядзе аказваўся больш чалавечным да ўсіх удзельнікаў гэтай гісторыі.
(Пра пластычныя, вулічныя і драматычныя спектаклі наш карэспандэнт раскажа ў наступным нумары "К".)
Мінск - Брэст - Мінск
Частка І