

У спектаклі — усё іначай. Але каб зразумець гэта, трэба даседзець да канца. Мне ж, прызнацца, так і хацелася збегчы, асабліва спачатку: сэрца і розум музыказнаўцы не прымалі таго, што я бачыла і чула. Калі што мяне і ўтрымала, дык гэта цікавасць да чарговай работы Г.Мушперта, рэжысёрскія знаходкі якога прызнаны не толькі ў “родным” Гродзенскім абласным драмтэатры, але і ў Латвіі, дзе працаваў раней, Расіі, дзе вучыўся і пазней ставіў спектаклі, у Польшчы.
Абраная ў “ГендэльБаху” абвострана-плакатная эстэтыка вядзе ледзь не да традыцый дэль артэ, імкнення ўсімі сіламі рассмяшыць гледача. Героі ўспрымаюцца грубымі “маскамі”, іх кожны жэст “прапісаны” кідкім, пазбаўленым паўтонаў гуашам, а то і ўвогуле падкрэслены тлустым маркерам. І гэта — у камерным спектаклі “на траіх”? Ды не на кірмашовай плошчы, а на Малой Купалаўскай сцэне, дзе акцёрам можна зазірнуць у вочы, бы ў размове тэт-а-тэт, нават седзячы ў апошнім радзе. Можа, да такога прачытання прывяло відавочнае жаданне адысці ад стэрэатыпу колішняга “псіхалагічнага” фільма Міхаіла Казакова “Вячэра ў чатыры рукі” па той жа п’есе? Бах у нашым спектаклі становіцца не “разгубленым інтэлігентам”, якому няёмка побач са свецкім ільвом, а гэткім “простым чалавекам”, пазбаўленым замарочак “прыдворнага этыкету”. Шміт (першая роля маладога Сяргея Кавальскага) —

Фінальнае яднанне двух тыпаў творцаў — экстравертнага (паводле навукі, а не фантазій) Гендэля і, адпаведна, інтравертнага Баха — суправаджаецца ў спектаклі прызнаннем роўнавялікасці іх талентаў. Дарэчы, у рэальнай недаацэненасці намі творчасці Гендэля маглі пераканаць некалькі апошніх філарманічных прэм’ер, падрыхтаваных па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Пятра Вандзілоўскага Дзяржаўным камерным аркестрам. А ў спектаклі “творчае раўнапраўе” двух розных па светаўспрыняцці мастакоў падкрэслена цудоўнай прыдумкай У.Кур’яна, якая вартая многіх рэжысёрскіх канцэпцый. Фрагменты музыкі кампазітараў-аднагодкаў, што на справе так і не сустрэліся ў жыцці, працягваюць адзін аднаго і ўтвараюць цэласную меладычную лінію, быццам яе і папраўдзе напісаў хтосьці трэці — па прозвішчы Гендэльбах.
Чым не “Трыумф Часу і Праўды”? А менавіта так называлася апошняя араторыя Гендэля, якая стала своеасаблівым “дайджэстам” яго творчасці, бо была складзена з аўтацытат. Дый Бах адную і тую ж музыку прыстасоўваў то да царкоўных жанраў, то да свецкіх, змяняючы хіба словы. І пісаў не тое, што хацелася, а што замаўлялі. Іншая справа — як. У п’есе фігурыруюць усяго два азначэнні: для Баха музыка Гендэля — надта гучная, для Гендэля музыка Баха — надта складаная. Для нас жа — яны папросту розныя. І, адначасова, — роўнавялікія. Толькі спектакль — не пра гэта. І нават не пра Гендэля і Баха, бо толькі музыка (арыгінальная, без далейшых рэдакцый) — лепшы і папраўдзе найбольш дакладны “партрэт” любога кампазітара, прыжыццёвая “гіпсавая маска” яго думак. Так што, за “інтымна-біяграфічнымі” звесткамі — калі ласка, у глядзельную залу. А за роздумам пра творчую свабоду, адносную пры любых умовах абсалютна ва ўсе эпохі, — да купалаўцаў.
На здымках: сцэны са спектакля “ГендэльБах”.