Галоўная / Аўтары
АўтарыАўтар Яўген РАГІН ( 1052 cт. ) |
![]() На мінулых выхадных прыпякло трошкі, пачаў журналісцкае жыццё ў “Культуры” згадваць. З 2005 года пазнаёміўся з дзясяткамі тысяч не абы-якіх людзей, пабачыў тысячы сельскіх устаноў культуры. Памятаеце, як у Янкі Брыля — “Птушкі і гнёзды”. Вельмі дакладна назва рамана кладзецца на еднасць нашых работнікаў культуры са сваімі клубамі, бібліятэкамі ды музеямі.
Толькі для крылатых праца — дом. І толькі яны нясуць на працу, а не з яе. Толькі шчаслівыя не зважаюць, калі канчаецца рабочы дзень. У такіх установах не пратаўкнуцца ад народу. Я ведаю, я бачыў. Так, у прафесійных работнікаў культуры прыблізна аднаго напалу агонь у вачах, а вось установы вельмі розныя. Гэта і гмахі, лепшыя часіны якіх прыпалі на гады савецкага размаху, і лядашчыя хацінкі з пячным ацяпленнем, і “наватворы” аграгарадоцкага развіцця. Быў бы загадчык у сілах, ён са свайго клубіка даўно б палац зрабіў. Але я сёння не пра гэта.
Далей
|
![]() Я зноў пра чытанне. Што зробіш — любімы занятак! Чытаць мяне навучылі сястра (старэйшая на шэсць гадоў) і маці. Гады ў чатыры я пачаў уцямліваць дзіўную сувязь паміж гукамі і літарамі, словамі і вобразамі. Добра памятаю кубікі з літарамі і карцінкамі. На кубіку з Г была намалявана гусь. Не забыўся, як маці старанна заганяла ў маю галаву, што на рускай мове гусь — ён мой, а на нашай — яна мая. З сабачкам сітуацыя была адваротная: на беларускай мове ён — заўжды мужчынскага роду. З таго часу ў мяне вялікае падазрэнне, што Інстытут літаратуры пры Акадэміі навук створаны яшчэ і для таго, каб вызначыць урэшце, як перакласці на родную беларускую мову назву чэхаўскай “Дамы с собачкой”…
Я вучыўся выплываць з вялікага мора двухмоўя. Расійскі празаік Міхаіл Велер напісаў, што струна, гук якой прыдатны да Боскага слыху, віецца ў дзяцінстве, пасля штосьці рабіць позна і бессэнсоўна. Не буду спрачацца.
Далей
|
![]() У першы дзень школьных летніх вакацый, я, вучань, ішоў у бібліятэку, каб забяспечыць сябе шчаслівай тэорыяй. А шчаслівай практыкі ў лесе, на рэчцы ды азёрах, у матчынай вёсцы было вышэй за неба… Цешаць душу ўспаміны. Давайце зробім з гэтай нагоды маленькі культуралагічны шпацыр па Ветцы майго дзяцінства. Яе ўжо збольшага няма, бо было гэта паўсотні гадоў з горачкай таму. Пачаць варта з аўтастанцыі. Побач у спісаным аўтобусе працаваў пнеўматычны цір. Я быў пастаянным яго наведвальнікам. Страляць навучыў бацька. А праз дарогу, ля прадзільнай фабрыкі, знаходзіўся цір сапраўдны. Мы разам адтуль не вылазілі. Уменне рабіць штосьці якасна — гэта ж таксама культура?
Другое месца па аўтарытэтнасці займалі бібліятэкі. Школьная знаходзілася супраць майго дома. Да дзіцячай трэба было дабірацца да цэнтра мястэчка, бо працавала яна ў доме культуры. Каб трапіць у дарослую, неабходна было зайсці ў ДК з другога боку. Мяне туды не пускалі гадоў да дзесяці. Прыкладна на той час высокі ўзровень бібліятэк ужо не абмяркоўваўся. Іхні недахоп быў толькі адзіны: у фондах адсутнічала кніжка “Аліса ў Залюстэраччы”. Мо таму я нічога і не зразумеў у матэматыцы?..
Не забыцца б на дом піянераў. Маляваць мяне навучыў бацька, а ў доме піянераў я толькі ўдзельнічаў у конкурсах. Дарэчы, прызы дзяліў з Галей Нячаевай, будучай цудоўнай музейшчыцай. Паколькі музея ў Ветцы яшчэ не было, Галя складала вершы ды малявала. Культура бярэ нас у абдымкі паступова, але назаўжды…
Далей
|
![]() “Не магу заснуць на лецішчы — задыхаюся, — скардзіцца сусед, — а вось дома ў Мінску сплю, як забіты”. Свежае паветра стала шкодным для здароўя? Свет перакуліўся! Новай зямлі прагнуць хіба што героі хрэстаматыйнай літаратуры. Чым адрозніваецца ячмень піваварны ад ячменю простага памятаюць толькі ссівелыя перадавікі сельгасвытворчасці. А іх унукі даўно і з поспехам “арандуюць” гарадское неба з асфальтам, на якім ячмень чамусьці не родзіць… Мы супакойваем сябе думкай, што ва ўсім свеце так: буяюць гарады, ніякавеюць вёскі. Што будзе з акіянам, калі засохнуць крыніцы? А цяпер пра тое, што мне сэрца грэе: наша вёска чапляецца за жыццё ўсімі клубамі сваімі і бібліятэкамі. Імі, я ўпэўнены, і адраджацца пачне.
Далей
|
![]() Цікавая рэч: з цягам часу духоўнае паняцце “радзіма” набывала для мяне ўсё большую геаграфічную прастору. Спачатку радзіма абмяжоўвалася родным веткаўскім завулкам. Гадоў да сямі. Тут я гуляў у футбол з суседскімі хлопцамі і дзяўчатамі, тут зразумеў, што такое сяброўства, здрада, і нават — якімі душэўнымі выдаткамі абарочваецца першае каханне. Потым было “дзядзькаванне” ў матчынай Купрэеўцы. Вясковае вакацыйнае “выгнанне” давалася няпроста. Увечары я выбягаў за весніцы і ўглядаўся ў той бок, дзе дыхала пыльным летам маё мястэчка. Сумаваў па радзіме. Гадоў да дзесяці. Потым былі вучоба, практыкі ці не па ўсім Савецкім Саюзе і ўпартае і непарушнае ў часе перакананне ў тым, што лепшыя мужчынскія паясы ткаліся калісьці толькі ў Беларусі, а лепшым гуртом Саюза былі толькі нашы “Песняры”. Гадоў з дваццаці. Вось так паступова я станавіўся беларусам, для якога радзімай з’яўляюцца не толькі Нясвіж, Камянец, Жылічы з Оршай, але і самая маленькая вёсачка на паўадселенай Гомельшчыне. Вось такое практычнае краязнаўства з канкрэтнай высновай: для поўнага шчасця ўсяго свету мне не трэба, хопіць адной Бацькаўшчыны. Добрай, шчырай, справядлівай.
Далей
|
![]() Пагаворым і пра мамантаў. Але спачатку пра кнігу. Прымусіць любіць чытанне немагчыма. Усяляк далучаць да гэтай справы — неабходна. Пад прымусам увогуле нічога добрага не нараджаецца. Спрэс супраціў. І сацыяльная рэклама пра асалоду чытання на сталічных вуліцах (на абласных і раённых штосьці не заўважаў), дзе кніжка адлюстравана ў выглядзе кавалка торта ці аб’екта сямейнай увагі, не надта пераконвае. Прынамсі, мяне. Гастранамічныя густы не ёсць густы духоўныя. А сямейнае чытанне мужа і жонкі — не громкая чытка адной кніжкі. Гэта справа індывідуальная. І толькі пераход колькасці ў якасць дае магчымасць сямейнікам абмяркоўваць прачытанае і даваць парады пра выбар чарговай кніжкі. Па маім меркаванні, толькі тады можна казаць пра сямейнае чытанне як пра натуральны лад эстэтычнага развіцця дзядулі, бабулі, мамы, таты і сына з дачкой… Са мной можна і трэба спрачацца. У кожнага, напэўна, свой шлях да разумення таго, што такое кніга. Але збольшага нашы перакананні павінны супадаць.
Далей
|
![]() У Гальшанах пабываў у 1990-х, адразу пасля таго як перасяліўся з Веткі ў Мінск. Вандраваў тады па “новых землях” з жонкай і сынамі, дабіраў, так бы мовіць, беларушчыны. Дык вось, бясконцым гаворкам пра мясцовы прывід, што дадае начнога жаху касцёлу і манастыру пры ім, паверыў адразу. Бо адчуў, пабачыў і ледзьве прытомнасць не згубіў. Белая Панна нагадвала павеў веснавога ветрыку. Яго можна было пабачыць! Выйшаў з манастырскіх калідораў і доўга блукаў па замкавых развалінах. Мроіліся Чорны Манах, князі і рыцары.
Адна з апошніх навін — аднаўленне Паўночнай вежы Гальшанскага замка ў першародным
выглядзе, стварэнне музейнай экспазіцыі. З гэтага, напэўна, і варта пачаць.
Далей
|
![]() Маці дзяўчынкай жыла на акупаванай тэрыторыі. Слова “жыла” тут, напэўна, не да месца. Хутчэй — бедавала. Ды так, што пасля не магла глядзець фільмы пра вайну. Васіля Быкава чытала і паважала, а вось глядзець на штыкавыя атакі ды бомбавыя налёты, знятыя збольшага ў жанры прыгод, адмаўлялася катэгарычна. Я сам лічу лепшай мастацкай карцінай пра апошнюю вайну “Беларускі вакзал”. У ёй няма атак і перастрэлак, але цудоўна бачна, як Вялікая Айчынная паўплывала на лёс кожнага героя. Не, пытанне “Як ваявалі?” па-ранейшаму надзённае. Але не менш важнае — “Якім павінен быць мір пасля Перамогі, што дасталася такой крывавай цаной?” Ад шчырасці адказаў залежыць узровень выхавання нашых дзяцей.
Далей
|
![]() Не адзін з маіх землякоў прызнаўся, што так і не знайшоў часу, каб наведаць музей у роднай Ветцы. Ёсць такая хвароба: непрыняцце свайго. Маўляў, калі б у Луўр ці ў Прада, дык мы навыперадкі б беглі. А ў родных мясцінах… Ну чым яны нас здзівяць, качалкамі ды прасніцамі?
Мне пашанцавала. Веткаўская рэдакцыя месцілася непадалёк ад Веткаўскага музея. І працавалі там ад пачатку і мае сябры, і мае добрыя знаёмыя — мастакі, рэстаўратары, знаўцы ікон і старадрукаў. Так што бачыўся я з імі ці не штодня. Вабілі яны дасканалым веданнем радзімы. І гэтае веданне было агучана шолахам летапісных старонак, залатым ззяннем абразоў, тканай раскошай ручнікоў, казачным арнаментам стараверскіх ліштваў і аканіц. Вось гэтым усім Ветка мяне і разбэсціла. А музейшчыкі, лічы, выхавалі чарговага веткаўца, які звёз у Мінск веру ў сілу роднага ганку.
І з таго часу, калі не бачу ў раённых музеях спецыялістаў адмысловых у дзеяннях і перакананых у словах, дык і за музеі тыя ўстановы не лічу. Балазе, у Беларусі такіх не так ужо і шмат.
Далей
|
![]() Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” — самае сталае на Беларусі. У наступным годзе ў яго — юбілей. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Юлія Чагарына згадвае, што спачатку мерапрыемства задумвалася як песенны конкурс. З тых часін нязменным засталося толькі месца правядзення фэсту — лесапарк “Леснічоўка”.
Далей
|
Новы нумар
Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"