Час на шчаслівыя варожбы
Дзесьці амаль адразу пасля Чарнобыльскай катастрофы ў пацярпелую ад радыяцыі Ветку прыехалі журналісты з японскай нацыянальнай газеты “Асахі сімбун” (“Ранішняе сонца”). Кожны з іх, як я зразумеў, меў яшчэ і спрактыкаванасць у навуковай дзейнасці. Былі яшчэ перакладчык і нейкі дэпутат з Масквы. Цікавіла іх ступень забруджанасці раёна. Суправаджаць дэлегацыю на рэдакцыйным “Уазіку” даручылі мне. Дзень мы матляліся па вёсках. Японцы рабілі замеры, цокалі языкамі і круцілі ў роспачы галовамі. Але гаворка пра іншае. На адным з хутароў бабулька-стараверка запрасіла ў хату. Японцы збіліся ў кучку ля покуці з іконамі, вялікімі, яркімі, пераканаўчымі. Хтосьці папрасіў прадаць хоць адну. Бабулька раззлавалася: “Калі б так папрасіў, я б аддала, — і праводзіла нас словамі: — Абразы не прадаюцца”. Мяне, маладога, гэта вельмі ўразіла. Ікона — канцэнтрацыя веры, а яе купіць немагчыма. Потым, да слова, мне некалькі разоў будуць прапаноўваць па вёсках іконы, якія згубілі гаспадароў. Я катэгарычна адмаўляўся, бо і па сёння баюся патаемнай сілы абраза.