Аляксей Шадзько: “Цяпер я захоплены напісаннем п’ес”
Імя Аляксея Шадзько добра вядомае і меламанам, і аматарам тэатра. Яшчэ ў 1990-м годзе папулярнымі на савецкіх абшарах былі ягоныя песня і кліп “Прощай, мой мальчик”, а неўзабаве выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута стаў акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Горкага. І не проста акцёрам, а вядучым і любімым гледачамі, іграў у славутых спектаклях “Амфитрион”, “Христос и Антихрист”, “Раскіданае гняздо”, “Трехгрошовая опера” і так далей. Гэтак жа адзін за адным у яго з’яўляліся музычныя альбомы, добрыя песні, узнагароды і прэміі, і ў нейкі момант Шадзько-музыкант пераўзышоў у вядомасці Шадзько-акцёра. З 2008-га года на мінскія сцэны артыст выходзіў толькі з песнямі, толькі з канцэртамі, а не са спектаклямі, бо пераехаў у Маскву і пачаў працаваць у Маскоўскім мастацкім драматычным тэатры пад кіраўніцтвам Таццяны Даронінай. Але і гэтая гісторыя скончылася, і ўжо два гады як Аляксей жыве ў Лондане. Тым не менш традыцыя адыгрываць на Радзіме штогадовы сольны канцэрт не перапынілася, і на пачатку новага года артыст выступіў у Мінску.
Мы ж сёння пагаворым пра яго тэатральны лёс, даведаемся, чаму праз 18 гадоў працы артыст пакінуў мінскі тэатр імя Горкага, што ён іграў у Маскве, чым займаецца ў Лондане, і чым яшчэ будзе здзіўляць сваіх прыхільнікаў, якіх у Беларусі засталося вельмі многа.