Проста “самы”
Ведаю, што ўжо напісаны і будуць яшчэ пісацца дысертацыі пра музыку і ўвогуле пра творчасць вялікага — мы ўжо гэта асэнсавалі — беларускага кампазітара Яўгена Глебава.
Якім ён быў настаўнікам, раскажуць і, мо, напішуць, пакуль ад узросту не прытупілася памяць, былыя студэнты з класа № 104 у Акадэміі музыкі — яго вучні.
Якім быў у жыцці, расказвае і ўжо напісала жонка — ахоўніца яго спакою — Ларыса (я ў 1965-м быў сведкам падчас іх роспісу ў ЗАГСе).
Хачу да гэтага, так бы мовіць, калектыўна створанага віртуальнага партрэта дадаць некалькі рысаў: якім ён быў сябрам, — верагодна, я застаўся адзіны з нешматлікіх іх, бо астатнія ўжо там, з ім…
Дарэчы, не я імкнуся ў ганаровы шэраг сяброў, а з гэтага прызнання ён пачаў, па сутнасці, апошні маналог перад кінакамерай падчас здымак майго фільма “Урыўкі з ненапісанага” (т/а “Тэлефільм” 1999 год) адразу пасля свайго 70-годдзя.