Прайм-тайм для старажылаў
Пад рознымі назвамі свята, прымеркаванае да дня летняга сонцастаяння, вядома ўсім еўрапейскім і шмат якім нееўрапейскім народам. У Беларусі яно завецца Купалле. Гэта пераломная кропка года, калі “сонца паварочваецца на зіму”, светлавы дзень пачынае скарачацца, а ноч — прыбываць. У царкоўным календары гэта раство святога Яна (24 чэрвеня ў католікаў) ці Іаана Хрысціцеля (7 ліпеня ў праваслаўных). Шмат у якіх народаў назва свята ўтворана ад мясцовага імя гэтага святога, напрыклад, Ёнінес у нашых суседзяў-літоўцаў. Хутчэй за ўсё, царкоўнага паходжання і назва “Купалле” (“Купайло” ва ўкраінцаў, “Иван Купала” ў рускіх) — народная інтэрпрэтацыя эпітэта “Хрысціцель” (грэцкі адпаведнік даслоўна перакладаецца як “той, хто купае, пагружае ў ваду”). У народаў германскай моўнай групы захаваліся назвы са значэннем “сярэдзіна лета”: Midsummer (англічане), Mittsommerfest (немцы), Midsommar (шведы). Латышы завуць свята Ligo — ад прыпева купальскіх песень, у сваю чаргу ўтворанага з дзеяслова са значэннем “танчыць вакол вогнішча”. У Латвіі 23 і 24 чэрвеня — афіцыйныя выхадныя дні. У Літве і Швецыі — толькі 23-га. У нашых суседзяў балтыйскага рэгіёну людзі выязджаюць святкаваць Купалле з сям’ёй і сябрамі на прыроду. Атрымліваецца такі ледзь ці не дзяржаўны пікнік з нацыянальнымі традыцыямі, агульнымі для ўсёй краіны, не без каранёў у традыцыйнай культуры.