Хто сказаў, што нашы дзяржаўныя тэатры ва ўпор не бачаць п’есы Паўла Пражко, неаднаразова ўганараваныя ў Расіі? Калі ласка, у адным з самых прэстыжных, а менавіта ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — прэм’ера спектакля “Ураджай”. І паставіў яго малады, але ўжо спрактыкаваны (узгадаем яго “Каханне як мілітарызм” на той жа Камернай сцэне) рэжысёр Дзмітрый Цішко, выхаванец мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна.
Звычайна я разглядаю спектакль, зыходзячы з правілаў гульні, закладзеных рэжысёрам. Пагадзіцеся, які б не быў у аснове літаратурны матэрыял, глядач будзе ўспрымаць яго ключавыя моманты праз трактоўку пастаноўшчыка. У выпадку з “Ураджаем” купалаўскага гэты падыход развальваецца, бы тыя ненадзейныя скрыні для яблыкаў: п’еса Паўла Пражко ўпарта вывальваецца з рамак літаральнага прачытання тэксту.