Аднаўленне былога
15 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Музею “Замкавы комплекс “Мір” адрэстаўраваных партрэтаў Міхаіла Казіміра Радзівіла “Рыбанькі” і Ганны Людвікі Радзівіл. Гэта частка калекцыі, што цалкам складаецца з 18 партрэтаў прадстаўнікоў славутага роду. Калекцыя належала нашчадку Радзівілаў — князю Канстанціну Гогэнлоэ-Шылінгфюрсту, які жыве ў Германіі. Цяпер яна ўпрыгожвае партрэтную залу Мірскага замка.
Зыходна стан некаторых карцін выклікаў занепакоенасць і вымагаў рэстаўрацыі з прычыны абсыпання лака-фарбавага слою. Спачатку дырэкцыя Мірскага замка шукала рэстаўратараў адпаведнай кваліфікацыі і досведу ў суседняй Літве, разглядаўся варыянт звярнуцца па дапамогу ў Польшчу, але ў выніку справу даверылі спецыялістам рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея нашай краіны. І вось нарэшце адбылася прэзентацыя іх працы. Такім чынам Нацыянальны мастацкі музей толькі распачаў шэраг імпрэз да 80-годдзя. Сімвалічна, што святкаванне пачалося менавіта з рэстаўрацыйнага праекта,
бо юбілей у нейкім сэнсе таксама працэс аднаўлення чагосьці былога.
Далей