Рэй Брэдберы калісьці пісаў, што ў дзяцінстве любіў сядаць у машыну часу і адпраўляцца назад у мінулае. Рабіў ён гэта з дапамогай дзядуль і бабуль, якія жылі ў дамах побач. Старыя людзі распавядалі пра сваё ранейшае жыццё, а ў вачах юнака гаслі і запальваліся зараніцы Грамадзянскай вайны Поўдня і Поўначы, узнікалі карціны першых палётаў самалётаў ды шмат чаго яшчэ.
У пачатку верасня на прасторах інтэрнэту з’явілася карта дыялектаў. Стваральнікі ўнікальнага для Беларусі праекта, які ідэальна адпавядае ідэі Года малой радзімы — маладыя энтузіясты Іна Хоміч, Максім Хлябец і Аляксей Жук. На карту наносяцца гаворкі карэннага насельніцтва беларускіх вёсак і гарадоў, а таксама сумежных з Беларуссю тэрыторый. Як спадзяецца Іна ХОМІЧ, аб’ём матэрыялу будзе пастаянна ўзрастаць.