У Пінску сёння працуюць ажно дзесяць народных умельцаў, якія ствараюць і рэстаўруюць музычныя інструменты. Мабыць, такой колькасці майстроў няма ні ў якім іншым горадзе Беларусі. Таму і нядзіўна, што менавіта ў сталіцы Заходняга Палесся неўзабаве мае з’явіцца кластар па вырабе музычных інструментаў. Аказаць майстрам усю патрэбную для гэтага дапамогу даручыў мясцовым уладам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
У мінулым нумары мы распавялі пра ўтрапёнага даследчыка беларускіх арганаў Аляксандра Бурдзялёва. А зараз звернемся да традыцыі праваслаўнай царкоўнай музыкі. Этнамузыказнаўца-кампанолаг, кандыдат мастацтвазнаўства, лаўрэат міжнароднага конкурсу “Званар Зямлі” (Малдова, 2003), дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання БДПУ імя Максіма Танка Алена ШАЦЬКО апісвае пакручасты шлях да справы свайго жыцця.