Толькі адрэстаўраваць — замала
Гэтую велічную старадаўнюю камяніцу ў цэнтры Слоніма старажылы памятаюць пад кодавым найменнем “Рогі і капыты”. Так называлася размешчаная ў яе прыбудове мясная крама. Побач былі галантарэя, “Дываны”, “Малочны бар”, склад мэблі.
Магчыма, гэта не самае дыхтоўнае прымяненне для ўнікальнага помніка культавага дойлідства — Вялікай альбо Галоўнай сінагогі. Тым не меней, як паказаў час — лепей, чым нічога. Пасля таго, як камяніца спусцела ды перастала выкарыстоўвацца, яе стан пачаў імкліва пагаршацца.
Толькі ў лютым гэтага года яна займела ўласны праект зон аховы. І гэта пры тым, што такі праект мусіць рэгуляваць штодзённае жыццё не толькі самаго помніка, але і ўсіх навакольных тэрыторый, дзе несупынна віруе рух.
Распрацоўка зон аховы амаль супала па часе з другой, не менш значнай падзеяй у жыцці старой бажніцы. На пасяджэнні Брытанскага парламента быў заслуханы і ўхвалены праект “Гістарычныя сінагогі Еўропы”. У выніку інвентарызацыі больш чым трох тысяч аб’ектаў з 48 краін, арганізаванай брытанскім Foundation for Jewish Heritage, слонімская сінагога трапіла на чацвёртае месца ў спісе найбольш каштоўных іўдзейскіх бажніц Еўропы! Праўда, яе стан эксперты ацанілі як D — “вельмі дрэнны”. Наступная катэгорыя — толькі E: страчаны беззваротна.
Далей