Сярод міфаў і V.I.P.аў
Здымачная група тэлеканала АНТ на чале са спецыяльным карэспандэнтам Аляксандрам МАЦЯСАМ ехала ў Капыль здымаць сюжэт для рубрыкі “Малая радзіма” праграмы “Контуры”. Ехала, як сказаў бы злосны крытыкан, укараняць міф пра тое, што менавіта гэты горад, а не Кіеў, з’яўляецца месцам з’яўлення на свет Казіміра Малевіча. Ехала акурат у той дзень, калі, паводле некаторых крыніц, споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння мастака. (Калі верыць крыніцам кананічным, юбілей гэты варта адзначаць у наступным годзе).
Зрэшты, міфы міфамі. Абсалютная ж праўда заключаецца ў тым, што Капыль з’яўляецца радзімай калі не вялікага авангардыста, дык аўтара рэпартажу пра яго. Вядомы тэлежурналіст стаў чарговым V.I.P.-земляком, з якім спецыяльны карэспандэнт “К” здзейсніў экспрэс-тур у горад яго дзяцінства.