Слова Караткевіча бы камертон для мастака
Перамогу Міхаіла Басалыгі, які на сёлетнім Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” быў названы найлепшым ілюстратарам за афармленне кнігі Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, можна лічыць прадказальнай. Вядомы графік ужо не ўпершыню звярнуўся да творчасці знакамітага пісьменніка. Не будзе памылкай сказаць, што захапленне талентам Караткевіча было для мастака чымсьці накшталт першага кахання, якое звычайна застаецца на ўсё жыццё своеасаблівым камертонам. У творах пісьменніка Міхаіл Басалыга знайшоў сваю Беларусь — рамантычную і трагічную, велічную і пяшчотную.
Кніжная аздоба — не адзіная іпастась творчасці мэтра. Справе папулярызацыі гісторыі і культуры Беларусі служаць і ягоныя станковыя аркушы, і выхаванне мастацкай моладзі. Павіншаваць спадара Міхаіла з узнагародай наведаліся ў ягоную майстэрню журналісты “К”.