Тэрапія праз пакуты
“Лёс уратаваў яго ад лагераў і душагубак, але ён ўзышоў на гэтую Галгофу як мастак”. Такі эпіграф да выставы “Нямецкая акупацыя ў графіцы Меера Аксельрода”, якая праходзіць у віцебскім Арт-цэнтры Марка Шагала, у поўнай меры адпавядае яе трагічнаму зместу. Невыпадкова адкрыццё адбылося акурат напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, што адзначаецца 27 студзеня.
Выстава, арганізаваная Музеем Марка Шагала ў Віцебску, Фондам Аляксандра Пячэрскага і Галерэяй “Вэлум”, уключае кніжныя ілюстрацыі і эскізы да іх, эскізы да карцін, алоўкавыя накіды. Цэнтральнае месца займае серыя “Нямецкая акупацыя” (“Зверствы немцаў”), створаная у гады вайны.