Юбілеі, якія павінны натхняць
Хочацца верыць, толькі што распачаты год будзе поўным падзей і здзяйсненняў — у тым ліку, і творчых.
Але таксама ён павінен стаць добрай нагодай згадаць пра нашы набыткі. Балазе, 2018-ы выдаўся
фенаменальна багатым на юбілеі беларускіх мастакоў.
2 студзеня грамадскасць адзначыла 95-годдзе мэтра айчыннага жывапісу Віктара Грамыкі. А ўслед ідзе цэлы россып угодкаў (круглых, “авальных”… не важна) нашых выбітных творцаў — тых, хто ствараў надвор’е ў мастацтве Беларусі ХХ стагоддзя. Зрэшты, не толькі Беларусі, а ў некаторых выпадках нават і не столькі. І не толькі ў мінулым стагоддзі — гэтыя постаці вызначылі ход развіцця мастацкай думкі на доўгія гады наперад.
Каб у мітусні надзённых клопатаў нагадваць пра гэтыя важныя даты, мы вырашылі стварыць свой каляндар юбілеяў, абраўшы для яго 12 важных для беларускага мастацтва ХХ стагоддзя постацяў.