Полацк: вяртанне кароны
Не кожнай галаве пасуе карона. Але, калі карона падае з галавы, вартай такога атрыбута ўлады, гэта заўжды драма, а часта і трагедыя. Тое ж можна сказаць і пра сталічныя гарады, якія стагоддзямі ўвасабляюць дзяржаву і нацыю, а потым з розных прычын губляюць свой высокі статус, становяцца звычайнымі паселішчамі. Калыска беларускай дзяржаўнасці, Полацк — менавіта з такога шэрагу. Доўгі час ён дамінаваў на паўночным захадзе Усходняй Еўропы, баронячы свой суверэнітэт і права гістарычнага першародства ў супрацьстаянні з Кіевам і Ноўгарадам.
Нават перадаўшы сталічны статус Наваградку, а потым Вільні, Полацк усё адно заставаўся ў Вялікім Княстве і Рэчы Паспалітай, як сказалі б мы сёння, цэнтрам сілы і духоўнасці. Нездарма тут нарадзіўся наш геній — Францыск Скарына. Потым Полацк — губернскі і павятовы горад у Расійскай імперыі, абласны, а потым раённы цэнтр Беларускай ССР. У апошнім статусе застаецца ён і ў суверэннай Беларусі. Але ёсць гістарычная справядлівасць. Полацк не прэтэндуе на “карону” Мінска, але паступова і мэтанакіравана аднаўляе і ўмацоўвае статус духоўнага цэнтра краіны і нацыі. У чым асабіста я мог пераканацца на святкаванні Дня беларускага пісьменства, якое сёлета праводзілася ў Полацку ўжо ў трэці раз.