Рэха летняй пары
Успамін пра лета яшчэ доўга будзе грэць душу. Як для мяне, дык самым “гарачым” уражаннем стаў фестываль жывой музыкі “Камянецкі Драйв”, які ладзіцца ўжо пяты год. І што паказальна, маладзёжны праект ініцыяваў і рэалізаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Камянецкага райвыканкама на чале з Мікалаем Громікам. Інакш кажучы, нашым аддзелам, як бы яны ні скардзіліся на фінансавую нішчымніцу, — усё па плячы. Было б жаданне. А яно ёсць. Таму праект ажыццяўляецца за пазабюджэтны кошт. Сярод спонсараў — дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі. Па словах Мікалая Громіка, на ўдзел у сёлетнім “…Драйве” было пададзена каля 200 заявак з Беларусі, Расіі, Польшчы. Цягам двух дзён у гарадскім парку выступіла два дзясяткі музычных калектываў. Набярыце ў пошукавіку “Камянецкі Драйв”, паслухайце, як гучыць рок (у тым ліку — і беларускамоўны) ля Белавежы, пераканайцеся ў якасці гуку і святла. Вы атрымаеце гарантаванае задавальненне і пачнеце збірацца да паездкі ў Камянец. Хтосьці слухае ўвосень вальс бастон і сумуе, я ж падпяваю гурту Slade і радуюся нават дажджлівым вераснем.
Далей