Чарговыя сюрпрызы Нясвіжа
У пачатку ліпеня беларуская інтэрнэт-супольнасць бы маланкай была працятая навіной аб тым, што пры рэстаўрацыі нясвіжскага касцёла Божага Цела (гісторыка-культурнай каштоўнасці вышэйшай катэгорыі!) рабочымі быў пашкоджаны адзін са слупоў брамы. Сапраўды, было з-за чаго ўзняць шум. Але інфармацыйная хваля як цунамі раптоўна накацілася на ўзбярэжжа грамадскай думкі, а потым супакоілася, і праз некалькі дзён усе пра ўсё забылі. Балазе, браму адразу аднавілі. І ніхто не звярнуў увагі на важны каментарый, які даў беларускім СМІ ксёндз-пробашч касцёла Пётр Шарко: “У нас знойдзена пліта, на якой ёсць надпіс: “Тут спачывае Казімір Маляўскі, падваявода наваградскі. 1718 год”. Вось гэта сенсацыя!
Магчыма, і я б не адрэагаваў на той каментарый, каб ксяндзом Шарко не было названа імя адной асобы, якая здаўна заняла трывалае месца ў маёй картатэцы “рэйтаназнаўства”. Але, пачуўшы яго, адразу вырашыў выправіцца ў Нясвіж у якасці пазаштатнага карэспандэнта “К”. І гэта была вандроўка не толькі ў глыб гісторыі, але таксама і ў нетры зямлі. Як мне ўдалося пераканацца, не так даўно быў адкрыты (прычым у літаральным сэнсе слова) новы пласт гісторыі знакамітага горада, пра які нават не здагадваліся турысты.