Cамо паветра ў акцёрскім багажы!
Рыхтуючыся да інтэрв’ю з гэтым артыстам, я разумела: загадзя выдумляць пытанні, планаваць гутарку — беcсэнсоўна. Адным трапным словам ён можа павярнуць яе ў нечаканае, але цікавае рэчышча. Я даўно ведаю заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Мікалая ЕМЯЛЬЯНАВА, і мне заўсёды падабаўся рух яго думкі, імпанавалі манера зносінаў, тонкі гумар і іронія. Ну а галоўнае, і што трэба напісаць “па-першае”, — захапляе яго стаўленне да тэатра. Зараз, калі тэатр спрабуе новыя формы, калі тэхнічныя сродкі дазваляюць стварыць найбольш поўную карціну таго, што адбываецца на сцэне (чаго не зробіш дзеля гледача, якому хочацца бачыць у тэатры рух “у нагу з часам”), акцёр можа “расслабіцца”. Так можа падацца неспрактыкаванаму гледачу і недастаткова дасведчанаму артысту. Мікалай Генадзьевіч мае і досвед, і густ, і чалавечую ды акцёрскую годнасць, і ўнутранае чуццё, якое не дазваляе выпасці з творчага працэсу. Яму ўдаецца “ўпісацца” ў любую форму, ён арганічна існуе ў любым жанры драматургіі, яго вобразы (больш за 70 роляў) яркія, завершаныя і выклікаюць непадробную цікавасць публікі. Але што, на мой погляд, з’яўляецца самым каштоўным — ён захаваў да тэатра тое асаблівае “запаветнае”, трапяткое стаўленне, якое сыходзіць з нашых “храмаў Мельпамены”. Балюча для даўніх іх служыцеляў і зусім наадварот для тых, хто прыйшоў сёння..