Карцін не будзе! або “Стол” паміж Арсеналам і Джардзіні
Праект “Стол”, які прадставіць Беларусь на 57-м Венецыянскім біенале, яшчэ амаль ніхто не бачыў, але асуджаюць яго ўжо вельмі ахвотна. Што ні кажы, вынік конкурсу на стварэнне куратарскай канцэпцыі Нацыянальнага павільёна і сапраўды быў нечаканы. Прадстаўляць краіну на буйным форуме сучаснага мастацтва даручана аўтару, які раней ніякім чынам з апошнім не асацыяваўся, — жывапісцу Раману Заслонаву. Пра тое, як і чаму ён выбіўся ў лідары, мы гутарым з камісарам беларускага павільёна Наталляй ШАРАНГОВІЧ. Ну а Мастак і ўжо без пяці хвілін куратар Раман ЗАСЛОНАЎ намерыўся ні ў якім разе не раскрываць канкрэтныя дэталі свайго праекта да моманту адкрыцця павільёна, і, апавядаючы пра ўласную задуму, старанна ўнікаў “спойлераў”. Але з яго словаў можна зразумець самае важнае: на біенале паедуць зусім не тыя карціны, якія ў Парыжы называюць салоннымі без усялякіх дрэнных канатацый. Даўно вядомы і, здавалася б, цалкам сфармаваны творца вырашыў прадэманстраваць сваё новае аблічча.