Энергія Магілёва. І для яго
Якая песня без баяна, якая зорка без расы, якая маршрутка без шансону. Але па дарозе ў Магілёў яе кіроўца злітаваўся, і пасажыры абышліся зусім без песень. А вось на зваротным шляху кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі, рэжысёр, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка, які нарадзіўся ў гэтым горадзе, кампанію мне ўжо не склаў. І разбаўляў маю “адзіноту” расійскі спявак і кампазітар Андрэй Касінскі, на ўсю моц паведамляючы з калонак, што “мы жарим, жарим, жарим, жарим корюшку с тобой всю ночь. Ах, Оля, Оля, Оля, Оля, Олюшка, пусть улетят печали наши прочь…” Але мой смутак не ляцеў, і я гараваў пра лёс рыбы. І перабіраў у памяці “перыпетыі” паездкi, калі мы з Аляксандрам Анатольевічам зазірнулі ў некалькі ўстаноў культуры Магілёва.