Хто самы галоўны ў музеі?
Музей-сядзіба “Пружанскі палацык” даўно стаў прадметам добрай зайздрасці для многіх іншых раёнаў: маўляў, нам бы такі! Музей як сімвал, як рэгіянальны брэнд, як сапраўдны агмень культуры, што пастаянна спараджае інфармацыйныя нагоды… Поспех абумоўлены адразу некалькі складнікамі. Па-першае, само размяшчэнне: шыкоўны сядзібны дом у старым парку. Па-другое, дыхтоўная экспазіцыя тут дапаўняецца цікавымі, а часам нават і рызыкоўнымі выставачнымі праектамі ды імпрэзамі зусім не местачковага характару. І ўрэшце — але, як кажуць англічане, не ў апошнюю чаргу, — не выпадае сумнявацца ў важнасці ролі кіраўніка ўстановы. 1 снежня споўніцца пятнаццаць гадоў з таго дня, як гэту пасаду заняў Юрый ЗЯЛЕВІЧ — дасюль малады, імпэтны, адкрыты для ўсяго новага. З ім мы гутарым пра будні, клопаты і мары музейшчыка ў гарадку, насельніцтва якога не дацягвае нават да дваццаці тысяч чалавек.