Музей па-еўрапейску і канкурэнцыя для кнігі
З чарговым героем рубрыкі мы апынуліся ў Ашмянах. "Каб культурна правесці час, у гады дзяцінства наведваў парк адпачынку ды кінатэатр імя Гастэлы, дзе я з дзядзькам глядзеў серыял “Сакрэтны фарватар”, — вельмі ён мяне ўразіў, — прыгадвае мой спадарожнік. — Куды людзі ходзяць зараз?.. Не ведаю: з цяперашнiм культурным жыццём горада знаёмы павярхоўна. Уласна да культуры, напэўна, гэта не тычыцца, але ён некалькі страціў прывабнасць пасля падразання ліпаў у яго цэнтральнай частцы: яны надавалі Ашмянам шарм, індывідуальнасць. Кінатэатра ў горадзе няма. “Аптымізацыя”, — патлумачыла нам выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Людміла Каханоўская ды сцісла абмалявала сітуацыю ў раёне. Прыкінуўшы шляхі супрацоўніцтва паміж Віктарам Марціновічам (а менавіта ён — мастацтвазнаўца, пісьменнік, драматург ды журналіст — наш сённяшні герой) ды ашмянскай культурай, займеўшы ў якасці гіда метадыста аддзела Сяргея Жылiка, мы і выправіліся па ўстановах.