“Viva la музыка!”ад Співакова
16 — 21 лютага ў Беларусі прайшоў ІV Міжнародны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае”, закрануўшы не толькі сталіцу, але і Магілёў. Сёлетняя праграма была як ніколі разнастайнай па жанрах і відах мастацтва: канцэрт “Viva la opera” прымадоны Хіблы Герзмава, балетны вечар “Аргенцінскае танга” з прызнанай пецярбургскай салісткай Ульянай Лапаткінай, спектакль “Пяшчота” рэжысёра Рамана Вікцюка (адначасова ў Магілёве — праграма “Час Баха” Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі на чале са Співаковым), канцэрт знакамітага віяланчэліста Мішы Майскага і Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі (дырыжор — былы наш Аркадзь Берын). Для шырокай публікі фестываль стаўся святам сустрэчы з вялікай класікай. Для айчынных музыкантаў — своеасаблівым майстар-класам. Бо за пульт аркестра нашага Вялікага тэатра ўстаў сам маэстра Уладзімір Співакоў, пры гэтым высока ацаніўшы беларускіх інструменталістаў. А назаўтра ён сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і шчодра дзяліўся сваімі ведамі, успамінамі, а таксама ўражаннямі ад падрыхтаваных для яго выступленняў нашых маладых салістаў.