Перш чым патрабаваць ад культуры…
У Мазыры нас прымалі як родных — і прадстаўнікі выканаўчай улады, і тых устаноў культуры, якія мы пазначылі для наведвання. Апекавалі, але вельмі ненавязліва, размаўлялі, не прыхоўваючы цяжкасцяў, і літаральна “заразілі” (прынамсі, мяне) сваёй любоўю да горада. А Міколу Козенку, які нарадзіўся ў вёсцы Целяпуны, што прылягае непасрэдна да Мазыра, і “заражаць” не патрабавалася: усё тут яму знаёмае, улюбёнае. Менавіта з вядомым этнахарэографам, этнахарэолагам, рэжысёрам, прадзюсарам, выкладчыкам кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, навуковым і мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагiня”, які праходзіць у гарадскім пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне, я і выправіўся ў камандзіроўку.