Як дарасці да школы рамёстваў?
Калі на старонках “К” вядзем гаворку пра сённяшні дзень раённых дамоў рамёстваў, пастаянна акцэнтуем увагу на магчымых перспектывах іх развіцця. Меркаванні з месцаў тут самыя розныя. Да прыкладу, адны лічаць: РДР павінны больш грунтоўна займацца навуковымі экспедыцыйнымі даследаваннямі, скіраванымі на адраджэнне забытых рамёстваў. Ці другі пункт гледжання, які не супярэчыць першаму: далейшы плён дзейнасці такіх устаноў залежыць ад няўхільнага росту іх сельскіх філіялаў. Маўляў, менавіта такое паглыблена-пашыранае развіццё РДР забяспечыць найбольш эфектыўную папулярызацыю нашых ткацтва, ганчарства, разьбы па дрэве, саломкапляцення… Такую пазіцыю мы ўсяляк падтрымліваем. Але існуе і наступная думка: план пазабюджэтнай дзейнасці, даведзены РДР, замінае яму ў поўнай меры займацца гуртковым навучаннем дзяцей. Ёсць і ў гэтым пэўны сэнс. Сям-там майстры-метадысты РДР заняты збольшага асабістай творчасцю на продаж, пастаўленай ці не на паток. І не заўжды гэтая творчасць мае характар нацыянальны, бо ў канвеера — свае законы. Але там, дзе майстар мае адметны нацыянальны гонар, узнікаюць сапраўдныя школы рамяства, якія дзейнічаюць па аўтарскіх навучальных праграмах, зацверджаных на самым высокім адукацыйным узроўні. Але такія выпадкі пакуль — адзінкавыя. А ці не ў гэтым перспектыва РДР? Хтосьці скажа, што паяднаць сферу культуры са сферай адукацыі часам проста немагчыма. Пагаджаемся і з гэтым. Але хто сказаў, што нам не варта імкнуцца да ідэалу? Да абмеркавання дадзенага, вельмі няпростага пытання мы запрасілі старшыню Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена САХУТУ, дырэктара Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлану КАРЖУК, намесніка дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Іну БАЛАЎНЁВУ, начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў (Іванаўскага — Валянціну БАРАДЗІНЧЫК, Слонімскага — Наталлю ЮНЧЫЦ), дырэктара Горацкай дзіцячай школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў Людмілу СТАЎСКУЮ і дырэктара Горацкага раённага дома рамёстваў Зою ЧАНДЗЯКОВУ.
Далей