“Пачытаць, падумаць, зразумець”
Словы, вынесеныя ў загаловак, прыдумала бібліятэкарка з вёскі Любонічы, што ў Кіраўскім раёне. Прыдумала ў якасці дэвіза сваёй сельскай ўстановы, дзе працуе салон для чытачоў. У наступных нумарах “К” мы патлумачым, як і для чаго створаны гэты салон у рамках чарговай серыі нашага аўтатура. А згадка гэтая толькі для таго, каб давесці, што бібліятэчных крэатыўшчыкаў шмат і па-за сталічнымі межамі. Пра гэта мы сёння і пагаворым. Напярэдадні прафесійнага свята беларускіх гаспадароў кніжных паліц і чытальных залаў мы патэлефанавалі ў абласныя ўстановы, каб даведацца, што парадавала іх кіраўнікоў за год, а што засмуціла (свята святам, але без вырашэння праблем які рух наперад?). Такім чынам у размове прынялі ўдзел дырэктары абласных бібліятэк: Гомельскай універсальнай імя Леніна — Марына РАФЕЕВА, Брэсцкай імя Максіма Горкага — Тамара ДАНІЛЮК, Віцебскай — Таццяна АДАМЯН, Гродзенскай навуковай імя Яўхіма Карскага — Лідзія МАЛЬЦАВА, Магілёўскай — Ілона САРОКІНА, Мінскай імя Аляксандра Пушкіна — Аксана КНІЖНІКАВА.